Былы баец спэцыяльнага атраду хуткага рэагаваньня (САХР) МУС Беларусі Юры Гараўскі, які раней прызнаўся ў саўдзеле ў забойстве беларускіх апазыцыянэраў, даў паказаньні чальцам камітэту правоў парлямэнтароў Міжпарлямэнцкага зьвязу.
Пра гэта паведаміла «Нямецкая хваля».
У камітэце грамадзянскіх правоў парлямэнтароў Міжпарлямэнцкага зьвязу ў Жэнэве на пытаньні яго чальцоў адказаў Юры Гараўскі, экс-баец САХР — спэцыяльнага атраду хуткага рэагаваньня ўнутраных войскаў МУС Беларусі. Гараўскі даў паказаньні, якія тычыліся яго ўдзелу ў 1999 годзе ў выкраданьнях і забойствах беларускіх апазыцыянэраў. У выніку слуханьняў прымуць рэзалюцыю, якую, як чакаецца, абнародуюць 4 лістапада.
Адказы на пытаньні старшыні і чальцоў камітэту працягваліся каля гадзіны і з прычныны пандэміі праходзілі ў онлайн-фармаце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля прызнаньняў Гараўскага Сьледчы камітэт падоўжыў справу аб зьнікненьні ЗахаранкіНа пытаньне, якім яму бачыцца аптымальны варыянт расьсьледаваньня справаў аб зьнікненьні беларускіх апазыцыянэраў, Гараўскі адказаў: «У сьвятле той актыўнасьці ў сытуацыі з Беларусьсю, якую праяўляюць Нямеччына і Францыя, — іх лідэры сустрэліся са Сьвятланай Ціханоўскай, — я адказаў, што трэба стварыць трохбаковую сьледчую камісію, у якую, акрамя немцаў і французаў, увайшлі б і прадстаўнікі беларускіх уладаў».
Ён таксама патлумачыў чальцам камітэту, што яго прымусіла прызнацца ў саўдзеле ў забойстве крытыкаў Аляксандра Лукашэнкі: «Я хацеў жыць». Акрамя таго, Гараўскі пацьвердзіў, што дасьць паказаньні ў Эўрапарлямэнце.