Генэральная пракуратура адмовілася даваць грамадзкаму аб’яднанню «Прававая ініцыятыва» інфармацыю аб працы міжведамаснай камісіі, створанай у сувязі з заявамі грамадзян аб ужываньні супраць іх фізычнай сілы і спэцыяльных сродкаў на масавых мерапрыемствах і ў ізалятарах, піша БелаПАН са спасылкай на праваабарончую арганізацыю.
У пачатку кастрычніка «Міжнародны камітэт расьсьледаваньня катаваньняў у Беларусі» ў асобе беларускіх арганізацыяў папрасіў Генэральную пракуратуру паведаміць пэрсанальны склад міжведамаснай камісіі для расьсьледаваньня катаваньняў, а таксама расказаць, «якія дзеяньні гэтая камісія пачала з моманту свайго стварэньня».
22 кастрычніка на электронную пошту «Прававой ініцыятывы» паступіў адказ з подпісам начальніка аддзела інфармацыі Генэральнай пракуратуры Анжалікі Курчак, у якім гаворыцца: зьвесткі, якія цікавяць праваабаронцаў, «складаюць унутраную перапіску кампэтэнтных дзяржаўных органаў і ня могуць быць пададзеныя, бо няма інфармацыі аб тым, што яны непасрэдна зьвязаныя з абаронай вашых правоў і законных інтарэсаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–кастрычнік 2020. Мы — сьведкі. „«Зэкі» з нараў падскочылі ад жаху“. АБНАЎЛЯЕЦЦАКіраўнік «Прававой ініцыятывы» Вікторыя Фёдарава ацаніла адказ нагляднага органа як адпіску.
«Нягледзячы на тое што ў аддзелы Сьледчага камітэту паступіла каля дзьвюх тысяч заяваў аб катаваньнях, дагэтуль не вядома пра ніводную распачатую крымінальную справу, — адзначыла яна. — Масавыя катаваньні людзей 9–13 жніўня мелі вялікі грамадзкі рэзананс, і гэтае расьсьледаваньне, як і праца міжведамаснай камісіі, ня могуць быць сакрэтныя. Аднак мы чарговы раз бачым, што дзяржава ня толькі мэтанакіравана зацягвае працэс завядзеньня крымінальных справаў, але і засакрэчвае працу міжведамаснай камісіі, калі такая праца, вядома, наагул вядзецца».
Міжведамасная камісія ў сувязі з заявамі грамадзян аб ужываньні супраць іх фізычнай сілы і спэцыяльных сродкаў на масавых мерапрыемствах і ў ізалятарах была створаная пад эгідай Генэральнай пракуратуры 26 жніўня.
Паведамлялі, што, акрамя прадстаўнікоў пракуратуры, у склад камісіі ўвайшлі супрацоўнікі СК, МУС і Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртызаў. У працы камісіі таксама будуць удзельнічаць дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, адзначалі ў Генэральнай пракуратуры.
Рэпрэсіі супраць пратэстоўцаў і журналістаў. Што важна ведаць
- Праваабаронцы «Вясны» задакумэнтавалі больш за 500 сьведчаньняў катаваньняў.
- Больш за 30 000 чалавек былі затрыманыя.
- На пратэстоўцаў завялі больш за 900 крымінальных спраў.
- Журналісты ў Беларусі адседзелі ўжо больш за 500 дзён адміністрацыйнага арышту.
- Зафіксавана больш за 400 парушэньняў правоў журналістаў.
- У краіне 144 палітычныя вязьні.