21 кастрычніка ў пінскі дабрачынны фонд «Палеская дабрыня» прыйшлі зь ператрусам сілавікі, паведаміў сайту Reform.by валянтэр арганізацыі Руслан Гусейнаў.
Фонд у апошнія месяцы дапамагаў пінчукам, якія пацярпелі ад дзеяньняў сілавікоў. Паводле Гусейнава, а 10 гадзіне раніцы дырэктара фонду Алену Шымоліну выклікалі ў Камітэт дзяржкантролю.
Пасьля гэтага ў яе дома і ў офісе арганізацыі прайшлі ператрусы. Кампутары фонду забралі, рахунак арыштавалі.
«Фонд дапамагаў дзецям з інваліднасьцю, малазабясьпечаным сем’ям, жанчынам, якія трапілі ў цяжкія жыцьцёвыя сытуацыі. Са жніўня фонд запусьціў дапамогу пацярпелым ад рэпрэсій. Алена мяркуе, што на яе могуць завесьці крымінальную справу за нясплату падаткаў», — кажа валянтэр.
15 кастрычніка Алену Шымоліну затрымалі за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі 18 жніўня. На наступны дзень судзілі, прызналі вінаватай. Арыштаваць не маглі, бо ў яе непаўналетняе дзіця. Пакаралі штрафам у памеры 30 базавых велічынь — 810 рублёў, паведамляе мясцовы сайт Media-polesye.by.