Сёньня ўначы на 65-м годзе жыцьця ў Гомлі памёр выбітны беларускі палітык і навуковец Юры Варонежцаў. Шмат гадоў ён змагаўся з анкалягічнай хваробай.
Мы папрасілі расказаць пра яго сяброў і паплечнікаў.
Віктар Карняенка, палітык, былы дэпутат Вярхоўнага Савету СССР
Пайшоў з жыцьця Юры Варонежцаў, мой даўні сябра, кум, палітычны партнэр, аднадумца. Мы пазнаёміліся ў 1989 годзе падчас сумеснага ўдзелу ў першай публічнай кампаніі позьняга СССР — выбараў народных дэпутатаў. Пачынаючы спачатку як супернікі, хутка аб’ядналі нашы каманды і разам перамаглі, атрымаўшы мандаты дэпутатаў.
Бліжэйшае знаёмства адразу паказала, што гэта быў чалавек цьвёрдых дэмакратычных перакананьняў. Адразу далучыліся да ўсіх дэмакратычных дэпутацкіх групаў, найбольш вядомай зь якіх была першая апазыцыя ў органах улады ў позьнім СССР — Міжрэгіянальная дэпутацкая група. Найбольш яскрава патэнцыял Юрыя раскрыўся ў працы камітэту экалёгіі ВС СССР, асабліва ў пытаньнях, зьвязаных з наступствамі Чарнобыльскай катастрофы. Ён быў адказным сакратаром камісіі ВС для расьсьледаваньня прычын і наступстваў катастрофы і адным з асноўных распрацоўнікаў першага закону аб сацыяльнай абароне ахвяраў той трагедыі.
Ён застаўся пасьлядоўным у пытаньнях бясьпекі ядзернай энэргетыкі і ўсімі магчымымі сродкамі выступаў супраць будаўніцтва атамнай станцыі ў Астраўцы.
Адной з самых запамінальных гісторыяў нашых узаемаадносін і сяброўства стаў жнівеньскі путч у 1991 годзе. Падзеі тых дзён з увагі на танкі ў цэнтры Масквы не ўспрымаліся як жартачкі. Юры быў сярод іншых у крытычную ноч у Белым доме, дзе на той момант знаходзіўся штаб супраціву камуністычным рэваншыстам. Пасьля перамогі дэмакратыі яго абралі намесьнікам старшыні палаты Саюзу ВС СССР, што сьведчыць як аб ягонай прынцыповай пазыцыі, так і аб аўтарытэце. Разам зь іншымі сябрамі і калегамі мы зь Юрыем удзельнічалі ў стварэньні дэмакратычнай плыні на Гомельшчыне. Найбольш значным вынікам той працы лічыў бы стварэньне Гомельскага клюбу выбарнікаў, сьпіс якога перамог на выбарах дэпутатаў гарсавету ў 1990 годзе. Гэта стала адзіным прыкладам большасьці антыкамуністычных сілаў у мясцовым органе ўлады па ўсёй Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітык і навуковец Юры Варонежцаў у інтэрвію і камэнтарах на СвабодзеХвароба не зламала дух Юрыя, і да апошніх дзён ён не здаваўся. Сваімі публікацыямі, выступамі, допісамі працягваў крытыкаваць нялюдзкі рэжым. Не складаў рук і да апошніх дзён клапаціўся пра лецішча, сад, агарод, пра што мы неаднаразова размаўлялі як аматары-аграномы і садаводы.
На жаль, патэнцыял Юрыя Варонежцава ня стаў патрэбным і ніяк не выкарыстоўваўся ўладай, бо ёй патрэбныя не прынцыповыя прафэсіяналы, а маўклівыя выканаўцы загадаў. Мае спачуваньні жонцы Юрыя Ларысе, дзецям Сашу і хросьніцы Ўладзе. Трымайцеся і памятайце, што ў вашага бацькі было шмат сяброў, якія падзяляюць ваш боль і сумуюць разам.
Сьветлая памяць Чалавеку, Патрыёту, Прафэсіяналу!
Аляксандар Дабравольскі, палітычны дарадца Сьвятланы Ціханоўскай, былы дэпутат Вярхоўнага Савету СССР
У 1989 годзе зьявілася першая парлямэнцкая апазыцыя ў СССР — Міжрэгіянальная дэпутацкая група. Менавіта, там, у Маскве, я пазнаёміўся з гамельчуком Юрыем Варонежцавым. Мы далучыліся да апазыцыі ў час, калі выказаць сваю нязгоду людзі асьцерагаліся. Юры не баяўся. Ён адстойваў і свае дэмакратычныя погляды, і інтарэсы свайго рэгіёну, які моцна пацярпеў ад чарнобыльскай катастрофы.
Юры быў навукоўцам, кандыдатам тэхнічных навук, і стаў сакратаром Камітэту Вярхоўнага Савету СССР па экалёгіі. Першыя крокі па абароне людзей ад наступстваў Чарнобыля адбываліся зь яго ўдзелам. І пасьля краху СССР Юры быў актыўным грамадзкім дзеячам. Ён быў адным з арганізатараў ініцыятывы «Навукоўцы за бязьядзерную Беларусь», якая мела на мэце прадухіліць пагрозу новых ядзерных праектаў, у тым ліку новай АЭС. На жаль, цяжкая хвароба, зь якой Юры мужна змагаўся шмат гадоў, узяла сваё. Сьветлая памяць пра шчырага і прынцыповага чалавека, прафэсіянала і добрага сябра, застанецца ў нашых сэрцах.
Андрэй Дзьмітрыеў, сустаршыня руху «Гавары праўду!», экс-кандыдат у прэзыдэнты
Ня стала Юры Варонежцава. Гэта цяпер ён для мяне Юра. У пачатку 2000-х, калі я прыйшоў у партыю АГП, Юры Іванавіч быў недасягальным прыкладам. Народны дэпутат СССР, дэмакрат, які асабіста ведаў Сабчака, спэцыяліст па Чарнобыльскай катастрофе, паліттэхноляг. Мы сустракаліся на партыйных сходах, і я заўсёды зь цікавасьцю слухаў яго расповеды.
Таму, калі ў 2009 годзе мы пачалі ствараць «Гавары праўду!», ён быў адным зь першых, да каго я прыйшоў. І для мяне быў гонар, калі ён пагадзіўся ўвайсьці ў каманду. І тут, як гром сярод яснага неба, не пасьпелі мы пачаць працаваць — званок ад Юрыя Іванавіча: «Андрэй, у мяне не атрымаецца працаваць на поўную, але гатовы дапамагаць усім, чым змагу. Веру ў тое, што мы робім». Страшны дыягназ.
Так і прайшлі гэтыя 10 гадоў, Юра заўсёды адгукаўся на просьбу аб дапамозе і, не спыняючыся, змагаўся з хваробай. Яго каштоўнасьці і пазыцыі часта ўплывалі на нас. Напрыклад, дзякуючы Юрынай жорсткай пазыцыі «Гавары праўду!» не падтрымала будаўніцтва АЭС у Беларусі: «Гэта злачынства супраць народу». У нашай арганізацыі ягоны аўтарытэт быў абсалютны.
Потым ён адкрыў яшчэ трэці фронт – Фэйсбук, дзе яго дакладныя і зьедлівыя, па справе, камэнтары перамяжаліся з цудоўным катом Сільвэрам.
Перад выбарамі ён патэлефанаваў мне сам і сказаў, каб я не сумняваўся. Апошні раз мы сустрэліся зь ім у Гомлі падчас прэзыдэнцкай кампаніі. Ён прыйшоў падтрымаць мяне ў пікет. Я спытаў у яго пра здароўе, на што Юра адмахнуўся: «Сытуацыя непрадказальная, у чым табе патрэбная дапамога?».
Такім ён для мяне і застанецца: сябрам, аўтарытэтам, які дапамагае кожнаму, у чыю справу верыць, і які цьвёрда адстойвае свае каштоўнасьці і перакананьні.
Алена Германовіч, журналістка
Інтэлігентны. Прыстойны. Прынцыповы. Гэта толькі тры кароткія характарыстыкі гэтага мужнага і добрага чалавека — Юрыя Варонежцава. Інтэлігентны — ніколі зь ягоных вуснаў нельга было пачуць ці абразу, ці непрыстойнасьць, ці скаргі і нараканьні, хоць лёс ня быў літасьцівы да яго. Рак у апошняй стадыі. Шэсьць апэрацыяў, рэанімацыя, дзясяткі курсаў хіміятэрапіі...
На дадатак да гэтага ў шпіталі яго заразілі гепатытам С, а дзяржава забрала апошнія капейкі пэнсіі па інваліднасьці, бо палічыла, што Юры Іванавіч ужо здаровы... І няважна, за якія сродкі ён будзе жыць. А ён жыў. Ён ніколі ня скардзіўся, не наракаў. Стараўся заўсёды дапамагаць іншым.
Калі мой блізкі чалавек захварэў на рак, я адразу пабегла да Юрыя Іванавіча. Ён параіў у першую чаргу ўзяць сябе ў рукі і змагацца. Як змагаўся ён — дзесяць гадоў. Ён стаяў на пазыцыях мары пра дэмакратычную Беларусь. Ён быў супраць будаўніцтва АЭС. Ён адстойваў свае мары і пазыцыі, прынцыпы словамі і справамі — і ніколі ня здрадзіў сабе.
Пятро Кузьняцоў, заснавальнік і стваральнік інтэрнэт-выданьня «Сильные новости»
Для тых гамельчукоў, якія ведалі Юрыя Іванавіча, ён быў сапраўдны чалавек-легенда. Асабіста я вельмі паважаў ягоны жыцьцёвы бэкграўнд і досьвед, бо яны былі ўнікальнымі. Чалавек стаў сьведкам зьмены некалькіх эпох: існаваньне Савецкага Саюзу, ягоны развал, спробы зрабіць беларускую дзяржаву дэмакратычнай і, нарэшце, усталяваньне дыктатуры Лукашэнкі.
І на кожным этапе Юры Іванавіч быў ня проста сьведкам, але актыўным удзельнікам працэсу, і, што важна, заўсёды на баку дабра: ён быў дэмакратычным дэпутатам Вярхоўнага Савету СССР, змагаўся як вучоны і палітык з наступствамі катастрофы на ЧАЭС, ад пачатку ўваходзіў у шэрагі апанэнтаў Лукашэнкі.
Я ведаю ягонае прозьвішча зь дзяцінства, бо за яго ў 1989 годзе галасавала мая маці. І вельмі ганаруся тым, што ў пэўных справах удалося зь ім працаваць ці супрацоўнічаць. Варонежцаў быў сапраўдным інтэлігентам і інтэлектуалам, быў вельмі ўзважаным, мудрым чалавекам. Кідалася ў вочы, што перад тым як нешта зрабіць ці сказаць, ён заўсёды падумае. І вельмі добра падумае.
Так, я заўважаў, што некаторым пэўныя ягоныя выказваньні ў фэйсбуку не падабаліся, кагосьці раздражнялі. Але, працуючы ў журналістыцы, я вельмі добра ведаю, што калі чалавек мае сваю думку, не хавае яе, імкнецца быць аб’ектыўным, заўсёды знойдуцца тыя, каму такая думка будзе не да душы, бо немагчыма быць добрым для ўсіх. Гэта нармальна. Нават адышоўшы ад актыўнага палітычнага жыцьця, ён рабіў вельмі шмат карыснага для краіны і асабліва для Гомельшчыны.
Паколькі быў навукоўцам, фізыкам-ядзернікам, для Гомельшчыны ён заўсёды быў вядучым экспэртам у розных пытаньнях, зьвязаных з радыяцыяй і наступствамі катастрофы на ЧАЭС. Дарэчы, зараз эколягі кажуць, што ён быў вельмі каштоўным экспэртам і для іхнай кампаніі супраць будаўніцтва БелАЭС.
Я лічу, што жыцьцё Юрыя Іванавіча — гэта вельмі добры прыклад для шмат каго зь беларусаў. Прыклад таго, як трэба мець сваю пазыцыю, захоўваць яе і несьці праз гады, абараняць і адстойваць. Як можна працаваць над сабой і грамадзтвам, як захоўваць чалавечую годнасьць, розум і ўзважанасьць. Вечны спакой яму — мы, гамельчукі, заўсёды будзем памятаць гэтага чалавека.
Сяргей Марцалеў, грамадзкі дзяяч, паліттэхноляг
Завочнае знаёмства зь Юрыем Іванавічам Варонежцавым адбылося ў першай палове нулявых. Напісаныя ім мэтадычныя рэкамэндацыі для вядзеньня выбарчай кампаніі былі каштоўным дапамогай як у працы, так і ў выкладаньні аснова паліттэхналёгіяў на шматлікіх сэмінарах для актывістаў рэгіёну. Ня ведаў яшчэ яго асабіста, але безь перабольшаньня магу сказаць, што ён адыграў ролю аднаго з маіх настаўнікаў у гэтай нішавай прафэсіі.
Пасьля падзеяў 2010 году завязалася супраца зь Юрыем у некалькіх праектах. Заўсёды тактоўны і кампэтэнтны, ён змагаўся зь цяжкай хваробай, пра што ведалі яго знаёмыя. Спэцыфіка лічбавай эпохі — зносіны часьцей адбывалася ў сеціве, радзей падчас асабістых сустрэчаў, заўсёды можна было даведацца шмат новага ня толькі пра выбары і кандыдатаў, але і пра найноўшую гісторыю краіны. Юры Варонежцаў як дэпутат Вярхоўнага Савету СССР быў удзельнікам шматлікіх гістарычных падзеяў, апавядаючы тое, што не напішуць у ніводным падручніку.
Сваю кампэтэнтнасьць як спэцыяліст у выбарчых кампаніях Юры Іванавіч дэманстраваў ня толькі ў тэорыі. Гэта ён быў суаўтарам кампаніі бізнэсоўца Андрэя Бандарэнкі, які балятаваўся ў Палату прадстаўнікоў. Улады па-свойму ацанілі прафэсіяналізм Варонежцава і посьпех кампаніі — Бандарэнка замест палаты трапіў у турэмную камэру. Гэта быў першы тэрмін будучага праваабаронцы.
Актыўная грамадзянская пазыцыя Юрыя Варонежцава што да атамнай станцыі дадала неабходных аргумэнтаў тым, хто быў супраць будаўніцтва дарагога і патэнцыйна небясьпечнага абʼекта ў краіне, пацярпелай ад Чарнобыля. Ён быў пасьлядоўны і прынцыповы — як і ўва ўсім, што рабіў. Ёсьць людзі, якія сваімі ўчынкамі, ведамі робяць сьвет вакол лепшым. Іхныя справы, ідэі, творчасьць жывуць самастойным жыцьцём. Адным з такіх быў Юры Іванавіч Варонежцаў, навуковец, паліттэхноляг, патрыёт, дэмакрат. Сьветлая яму памяць.