Экс-кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі Святлана Ціханоўская паабяцала даць гарантыі тым, хто падтрымае страйк у выпадку невыкананьня «народнага ўльтыматуму», паведамляе яе тэлеграм-канал.
У паведамленьні сказана, што «канец рэжыму ўсё роўна прыйдзе», аднак «кожны дзень яго існаваньня каштуе беларускаму народу вельмі дорага».
Ціханоўская паабяцала, што тыя, хто падтрымае страйк і сутыкнецца з «эканамічнымі рэпрэсіямі» або стратай працы, атрымаюць фінансавую падтрымку ад фонду BySol, створанага беларускімі прадпрымальнікамі для дапамогі такім грамадзянам. А калі ў Беларусі «адновіцца законнасьць», то ўсе прысуды і штрафы, атрыманыя ў ходзе пратэстаў, будуць ануляваныя, тых, хто страціў працу праз страйк, адновяць на пасадзе, напісала Ціханоўская. Акрамя таго, яна паабяцала ануляваць усе штрафы за нявыплату камунальных сплатаў.
«Не прыходзьце на працу і вучобу з 26 кастрычніка — гэта таксама страйк. Выходзьце на маршы — гэта таксама страйк. Зачыніце свае ўстановы і офісы — гэта таксама страйк. Перастаньце карыстацца і супрацоўнічаць зь дзяржаўнымі паслугамі і сэрвісамі — гэта таксама страйк. Здыміце ўсе грошы з рахункаў банкаў — гэта таксама страйк. Ня маўчыце. Кажыце пра сваю нязгоду жыць у турме», — гаворыцца ў заяве Ціханоўскай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усіх ня вывезеш, усіх не пасадзіш». Ціханоўская расказала Свабодзе пра ўльтыматум, каманду, гвалт і размову з мужамДа заканчэньня тэрміну «народнага ўльтыматуму» засталося чатыры дні. Ціханоўская абвясьціла яго 13 кастрычніка. Згодна з выстаўленымі ўмовамі, да 25 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка павінен выканаць тры патрабаваньні: сысьці з пасады, цалкам спыніць гвалт на вуліцах і вызваліць усіх палітвязьняў.