«Калісьці Вяйшнорыя, цяпер Шчучыншчына». Вядомы мастак адкрыў выставу пра ўнутраную эміграцыю

Аўтапартрэт Сяргея Грыневіча

Адзін з самых папулярных мастакоў Беларусі Сяргей Грыневіч адкрыў выставу манумэнтальных твораў у Горадні «Восьмы рэгіён». Яна расказвае пра вобласьць, якая існуе толькі ў фантазіях беларусаў.

«У нас у краіне сем рэгіёнаў, і гэты, недасяжны, які застаецца ў нашых марах, будзе пад нумарам восьмым. Можна яго называць па-рознаму. Калісьці яго называлі ў сацыяльных сетках Вяйшнорыя. Цяпер можна назваць Шчучыншчына», — тлумачыць аўтар экспазыцыі Сяргей Грыневіч.

Сяргей Грыневіч

«Краявід з ручніком»

Адкрыцьцё выставы

Крамлёўская плашчаніца, 2018 год

«Молат і серп», 2018 год

На шляху да гэтай недасяжнай мары ён і ствараў выстаўленыя творы, апошнія — сёлета ўвесну, ранейшыя — 20 гадоў таму.

«Потым прыйшла пандэмія, а пасьля — рэвалюцыя. У рэвалюцыю творы ня пішуцца», — прызнаецца мастак.

Грыневіч — манумэнталіст. Аднак у Беларусі амаль няма месцаў, каб выявіць ягонае мастацтва. Рэдкая выстава карцін даўжынёй па 5-6 мэтраў зьявілася ў новай экспазыцыйнай прасторы на вуліцы Гараднічанскай, 23. Творы занялі ўсе тры паверхі будынку, дзевяць заляў.

Карціны даўжынёй па 5-6 мэтраў амаль немагчыма нідзе выставіць

Пяты пакой іранізуе з культу прыгажосьці

«Парад з сабакамі», пакой з ваеннай тэматыкай

Як тлумачыць культуроляг Вольга Бараноўская, першая заля выяўляе біблійныя сюжэты з новага гледзішча, другая — партрэты блізкіх людзей Грыневіча. Трэці пакой прысьвечаны ваеннай сымболіцы, паказвае ўмоўнасьць дабра і зла. Чацьвёрты пакой — ленінскі, выклікае духаў савецкага мінулага, якое ёсьць, паводле аўтара, у кожным з гледачоў.

Пяты пакой іранізуе з культу прыгажосьці і глямуру. Ён сабраў, бадай што, самыя вядомыя творы Грыневіча. Сёмы пакой дапамагае адчуць сябе ў цэнтры безаблічнай масы людзей, у шчамлётках сыстэмы. Восьмая — экалягічная заля, прысьвечаная навакольлю. У дзявятым пакоі мастак рэфлексуе над грамадзкімі падзеямі апошніх гадоў. У апошнім, дзясятым, пакоі аўтар гуляе з адлюстраваньнем, а глядач становіцца саўдзельнікам мастацкага працэсу.

«Караоке»

«На Маскву»

«Дуэль»

Сёмая заля дапамагае адчуць сябе ў безаблічнай масе людзей

У шостай залі меліся быць дзьве знакамітыя карціны Грыневіча «Пагоня» і «Дзень Незалежнасьці», але іх урэшце не ўключылі ў экспазыцыю.

«Тайная вячэра»

Трыптых «Укрыжаваньне»

«Гэта выстава пра ўнутраную эміграцыю. Імкненьне да яе ўласьцівае ўсім людзям, пагатоў ва ўмовах нашай краіны. Але такое імкненьне абсалютна беспэрспэктыўнае, бо сутыкненьне з сыстэмай можа напаткаць нас на кожным кроку, але імкненьне — гэта такое прыемнае пачуцьцё», — апавядае мастак.

Выстава будзе працаваць цягам трох тыдняў тры дні на тыдзень (у сераду, пятніцу і суботу).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі „нашы“ прыйдуць да ўлады, стану ў апазыцыю». Як жыве адзін з самых запатрабаваных мастакоў Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мастак Сяргей Грыневіч малюе Ўкраіну, каб прачнулася Беларусь
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта самая маштабная падзея ў мастацтве», — адкрыўся шосты «Восеньскі салён»