«Я прымацаваў стужкі, бо мой голас скралі на выбарах». Ад кіроўцы патрабуюць зьняць налепкі з «Пагоняй»

Дзьмітры Кухцін, Заслаўе

Супрацоўнікі ДАІ арыштавалі аўтамабіль менскага прадпрымальніка, 37-гадовага Дзьмітрыя Кухціна. Ён кіраўнік праекту «Кілямэтры дабра» (праект цяпер прыпынены празь недахоп фінансаваньня), а таксама валянтэр дзіцячага госьпісу.

Дзьмітры Кухцін уваходзіў у ініцыятыўную групу Віктара Бабарыкі, зьбіраў подпісы за вылучэньне яго кандыдатам у прэзыдэнты, спрабаваў трапіць у склад выбарчай камісіі ў Заслаўі, але яго не ўключылі.

На аўтамабілі Дзьмітрыя былі налепленыя бел-чырвона-белыя стужкі і герб «Пагоня».

«Гэта мая праява грамадзянскай пазыцыі, я патрабую сумленных выбараў. Я іх прымацаваў, бо мой голас скралі на выбарах. Я быў акрэдытаваным назіральнікам, але нас, незалежных назіральнікаў, выгналі на падліку галасоў. Я вырашыў заявіць пра сваю пазыцыю, таму ўпрыгожыў аўтамабіль бел-чырвона-белымі стужкамі. Гэта такая форма пратэсту».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канфлікт паміж жыхарамі дому ў Менску і невядомымі, якія зразалі бел-чырвоныя-белыя стужкі, перарос у бойку. ВІДЭА 

Дзьмітры кажа, што дагэтуль адзін раз аўтамабіль забіралі на штрафстаянку і штрафавалі за налепкі.

Днямі яму патэлефанавалі супрацоўнікі міліцыі, папрасілі прыгнаць аўтамабіль для агляду, бо нібыта ў Заслаўі падчас дарожна-транспартнага здарэньня зьбілі дзяўчынку, а аўтамабіль падобны да машыны Дзьмітрыя.

«Я сказаў, што ў той дзень ня быў у Заслаўі. Прычым гэта было цынічна, яны яўна глядзелі інфармацыю пра мяне, бо калі мне было 18 гадоў, я сапраўды зьбіў дзяўчынку зімой, яна выскачыла проста пад колы. Я тады ехаў павольна, і ў яе не было ніякіх пашкоджаньняў, таму правоў мяне не пазбаўлялі. Дык гэта нават вельмі жорстка — прыдумляць такія рэчы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гістарычныя сымбалі цяпер — сымбалі большасьці

Калі Дзьмітры вяртаўся ўчора ўвечары з працы ў Заслаўе, супрацоўнікі ДАІ спынілі аўтамабіль за налепкі. Падчас разбору яму прынесьлі прадпісаньне на зьняцьце налепак. У дакумэнце быў няправільна пазначаны нумар аўтамабіля. Дзьмітры сказаў, што спачатку параіцца са сваім адвакатам.

«Потым прыехалі яшчэ два экіпажы ДАІ, каб праверыць він-код на кузаве, маўляў, з машынай нешта ня тое і яе павязуць у РУУС. Аўто не завялося, і яны выклікалі эвакуатар, прывезьлі ў Цэнтральны РУУС. Там капітан, які не прадставіўся, склаў пратакол. Калі я спытаў, на які тэрмін забіраюць машыну, яны адказалі, што праверку могуць праводзіць да чатырох месяцаў. Я набываў аўто год таму, і тады ў ДАІ не было ніякіх пытаньняў пра він-код».

Супрацоўнік міліцыі таксама спытаўся ў Дзьмітрыя, калі ён прымацаваў налепкі і зь якой прычыны. У яго запатрабавалі разблякаваць тэлефон. Цяпер Дзьмітры з адвакатам будзе падаваць скаргу на супрацоўнікаў ДАІ.

«Аўтамабіль застаўся на паркоўцы з налепкамі. Там на тэрыторыі РУУС яшчэ адна машына з падобнымі налепкамі стаяла і яшчэ з разьбітым шклом».

Пасьля таго як Дзьмітры напісаў пра гэтую гісторыю ў сацсетках, людзі сабралі яму грошы на адваката і на штрафы.

«Гэтая салідарнасьць вельмі прыемная і кранае да сьлёз».