Ці сапраўды вакцына расейскага цэнтру «Вэктар» шкодная? Камэнтар беларускага лекара

Навуковец у расейскім цэнтры «Вэктар» у Навасібірску.

У Фэйсбуку атрымалі розгалас пасты маскоўскага асьпіранта Аляксандра Кудраўцава (гл. тут і тут), у якіх ён рэзка крытыкуе антыкаранавірусную вакцыну, распрацаваную ў новасібірскім навуковым цэнтры «Вэктар».

Паводле Кудраўцава, гэтая вакцына несучасная, амаль вэтэрынарная, і што там шмат нібыта вельмі шкоднага гідраксыду алюмінію.

З увагі на будучае верагоднае прымяненьне гэтай вакцыны ў Беларусі Свабода папрасіла беларускага лекара Аляксандра Глугоўскага, які цяпер працуе ў Нямеччыне, пракамэнтаваць выказваньні Кудраўцава, якія атрымалі тысячы перапостаў і камэнтароў.

Аляксандар Глугоўскі


— Наколькі я разумею, сфэра зацікаўленьняў Аляксандра Кудраўцава далёкая ад тэмы вакцынаў. Да таго ж ён мае і нейкі камэрцыйны інтарэс, як заснавальнік пэўнай фірмы.

Палеміка вакол прымяненьня гідраксыду алюмінію ня новая. Гэтае рэчыва абвінавачваюць у кароткачасовых пабочных эфэктах, а некаторыя сьцьвярджаюць, што менавіта з прымяненьнем такіх вакцын зьвязаны рост дзяцей з аўтызмам.

Гэта адзін з аргумэнтаў так званых антыпрышчэпнікаў, якія вядуць палеміку на падставе навуковых дадзеных, якія яны ня здольныя тлумачыць аб’ектыўна, бо адпаведныя мэтадалёгіі даступныя толькі спэцыялістам.

Тыя дозы алюмінію, якія ёсьць ў вакцыне цэнтру «Вэктар» і якія крытыкуе Кудраўцаў, нармальныя і вядомыя ўжо шмат гадоў. Прымененыя ў гэтай вакцыне дозы абсалютна абгрунтаваныя, даўно адпрацаваныя і прымяняюцца ў шэрагу іншых пасьпяховых вакцынаў. Іншымі словамі, колькасьць алюмінію ў гэтай вакцыне не перавышае допускаў.

Гэта палеміка неспэцыялістаў, а некаторыя фармулёўкі ў пастах Кудраўцава наогул адарваныя ад рэальнасьці і не грунтуюцца на навуковай мэтадалёгіі.

У інтэрнэце цяпер разгарэлася палеміка, якая, насамрэч вядзецца ўжо гады ў шырокай аўдыторыі. Гэта спрэчка аб магчымай шкодзе ад’юванту на аснове злучэньняў алюмінію ў складзе розных вакцынаў, у тым ліку і вакцыне цэнтру «Вэктар».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі зарэгістравалі другую вакцыну ад каранавірусу, на падыходзе трэцяя

Ад’юванты, у прыватнасьці алюміній, узмацняюць імуналягічны адказ арганізму і спрыяюць фармаваньню імунітэту. Пры гэтым яны дазваляюць зьменшыць колькасьць біялягічнага (віруснага або бактэрыяльнага) агенту. За дзесяцігодзьдзі з пачатку прымяненьня злучэньняў алюмінію як кампанэнту вакцын, праведзена мноства навуковых дасьледаваньняў.

У 2012 годзе ў Жэнэве на 26 зьезьдзе Міжнароднага камітэту бясьпекі вакцын (The Global Advisory Committee on Vaccine Safety), самай аўтарытэтнай міжнароднай арганізацыі якая займаецца праблематыкай вакцынаваньня, былі прадстаўлены і разгледжаны дзьве асноўныя навуковыя працы, на якіх грунтавалася «антыалюміневая» пазыцыя. У выніку, іх знайшлі, папросту кажучы, няпэўнымі.

Утрыманьне алюмінію ў сучасных вакцынах, у прыватнасьці і той, пра якую піша Кудраўцаў — «ЭпиВакКорона» — абгрунтаванае і зусім не выклікае пабочных эфэктаў і вялікіх ўскладненьняў. Гэта абумоўлена актыўнымі кампанэнтамі вакцын і дапушчальна паводле самых строгіх аб’ектыўным мэдычных крытэраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як з удзелам дачкі Пуціна стваралі вакцыну супраць COVID-19, якую пачалі выкарыстоўваць у Беларусі

Агульныя папярэднія вынікі эфэктыўнасьці і дапушчальнасьці прымяненьня вакцыны, распрацаванай расейскім дзяржаўным навуковым цэнтрам «Вэктар» стануць вядомыя пасьля шырокіх клінічных дасьледаваньняў, якія павінны завяршыцца празь некалькі месяцаў.