Сустаршыню аргкамітэту дзеля стварэньня партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Паўлу Севярынцу працягнулі тэрмін сьледзтва яшчэ на два месяцы — да 20 сьнежня, паведаміла жонка палітыка Вольга Севярынец на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
«Пра гэта нават адвакату не паведамілі. Паша напісаў у лісьце. Проста выклікалі, зачыталі, без абгрунтаваньня і тлумачэньня. Ён нічога не падпісваў і параіў сьледчаму напісаць рапарт, каб не ламаць сабе жыцьцё і ня ўдзельнічаць у беззаконьні. Сьледчы прамаўчаў», — напісала жонка палітыка.
Севярынец быў затрыманы 7 чэрвеня каля свайго дома неўзабаве пасьля таго, як правёў на плошчы перад сталічным Камароўскім рынкам «народны пікет свабоды і салідарнасьці» побач зь пікетамі для збору подпісаў за вылучэньне альтэрнатыўных Аляксандру Лукашэнку кандыдатаў у прэзыдэнты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паўлу Севярынцу выставілі абвінавачваньне ва ўдзеле ў беспарадках і працягнулі тэрмін утрыманьня пад вартай21 жніўня Севярынец меўся выйсьці на волю пасьля 75 сутак адміністрацыйнага арышту. Аднак напярэдадні ягонай жонцы патэлефанавалі са Сьледчага камітэту і паведамілі: у дачыненьні да Паўла Севярынца распачатая справа паводле артыкула 108 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу (затрыманьне паводле непасрэдна ўзьніклага падазрэньня ва ўчыненьні злачынства).
Затым стала вядома, што Севярынцу выставілі абвінавачваньне паводле часткі 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэксу (удзел у масавых беспарадках), ён быў затрыманы яшчэ на два месяцы.
Беларускія праваабаронцы прызналі Севярынца палітвязьнем, а арганізацыя «Міжнародная амністыя» — вязьнем сумленьня.