63-гадовую пэнсіянэрку Алену Гнаўк пасьля вызваленьня ў зале суду зноў затрымалі міліцыянты. «Не назвалі парушэньня, сказалі — паводле падазрэньня. Відаць, іх асабліва зачапіў мамін ліст пра ўмовы ў ізалятары, што няма сьвятла і бегаюць мышы», — сказаў Свабодзе сын затрыманай Кірыл Мазько.
19 кастрычніка скончыўся першы адміністрацыйны арышт, якім суд пакараў пенсіянэрку паводле пратаколу за ўдзел у несанкцыянаваным шэсьці, якое прайшло ў Берасьці 4 кастрычніка. Тады на судзе Алена даводзіла, што ніякага шэсьця ў горадзе не было, а затрымалі яе каля рынку пасьля словаў «Жыве Беларусь!», сказаных міліцыянту.
Алена Гнаўк адсядзела 15 дзён, але ўчора з ізалятару яе не адпусьцілі, а зноў прывезьлі ў Ленінскі раённы суд Берасьця. Цяпер ужо на працэс у справе аб маршы 30 жніўня.
Што вядома пра ўдзел ў гэтым маршы Алены Гнаўк?
Маліла на каленях, каб не было гвалту
30 жніўня каля цэнтральнай плошчы абласнога цэнтру, ачэпленай АМАПам, сабраліся дэманстранты, якія зладзілі марш супраць фальсыфікацыі выбараў. На апэратыўным відэа, паказаным у судзе, бачна, як Алена Гнаўк выходзіць на плошчу і стае на калені паміж шэрагам міліцыянтаў і дэманстрантамі, а потым сыходзіць з плошчы. Кірыл патлумачыў эмацыйны ўчынак маці.
«Яна ўжо ішла на электрычку, каб ехаць дамоў, у сваю вёску на Пружанчыне, але ўбачыла гэтае супрацьстаяньне і вырашыла паказаць прыклад прымірэньня. Прасіла міліцыянтаў не ўжываць гвалту». Таксама сын згадаў словы маці ў судзе пра тое, што яна «заўсёды будзе з народам і супраць гвалту над ім».
Паводле Кірыла Мазько, суд адправіў справу ягонай маці на дапрацоўку, бо не знайшоў пэўных доказаў яе віны. Людзі, якія прыйшлі ў суд падтрымаць жанчыну, падарылі ёй кветкі, яна ўжо выйшла з будынку суду і думала, што паедзе дамоў, як ізноў да яе падыйшлі міліцыянты.
«Хутчэй за ўсё, у іх быў загад у кожным разе адправіць яе ў ізалятар, у тыя ж камэры, якія яна апісала ў лісьце на волю. На яе раззлаваліся яшчэ да першага суду. За тое, што скардзілася на ўмовы ды арганізавала сукамэрніц, начальнік яшчэ тады казаў, што атрымае 15 сутак», — згадаў сын затрыманай пэнсіянэркі.
Мышы ў камэры
У лісьце з ізалятару, які Алена Гнаўк здолела перадаць на волю, яна апісала ўмовы ў берасьцейскім ізалятары. Што ў камэры не хапае дзённага сьвятла, што за плексыглясам перад вакном бегаюць мышы, расказала пра двух’ярусныя ложкі, на якія немагчыма ўзабрацца, бо яны без драбінаў, пра недахоп сьвежага паветра праз тое, што ў камэры кураць. Таксама Алена Гнаўк апісала, як з сукамэрніцамі змагаецца за свае правы і часам перамагае.
Маленькія перамогі Алены Гнаўк у ізалятары
«Наш бабскі „бунт“ на „караблі“ меў свае вынікі. Ахоўнікі сталі больш ветлівымі, ужо ня лаюцца матам. Перад тым як адчыніць дзьверы ці акенца, пачалі грукацца. Нам выдалі па другой прасціне і ручніку», — пералічыла Алена Гнаўк маленькія перамогі, атрыманыя ў сумесным з сукамэрніцамі змаганьні за свае правы. Але паведаміла, што не абыходзіцца і бяз помсты з боку кіраўніцтва. Зь яе словаў, каб «насаліць» арыштанткам, іх пазбавілі кіпеню, што вельмі адчувальна.
«Чай даецца толькі раніцай, недзе каля 100-140 мл. на чалавека. Гэта ўсё! Далей піце водаправодную ваду», — паведамляла ў лісьце Алена Гнаўк. Паводле яе сына, жанчына папярэджвала кіраўнікоў ізалятару, што, як выйдзе на волю, будзе скардзіцца на іх начальству і даможацца для іх спагнаньняў. За гэтыя скаргі ёй і адпомсьцілі, кажа Кірыл Мазько.
«У іх гэтак заведзена: хто скардзіцца, той атрымлівае „дадатак“. Маці паведамляла пра сукамэрніц, якія сядзяць ўжо другі тэрмін. Цяпер і яе паставілі на такі самы канвэер», — мяркуе сын арыштавнай пэнсіянэркі.
Паводле зьвестак Кірыла Мазько, 19 кастрычніка ў Ленінскі раённы суд Берасьця, каб падтрымаць Алену Гнаўк, прыйшлі некалькі дзясяткаў жыхароў гораду, якія бралі ўдзел ў маршы пэнсіянэраў. Некаторых у суд не пусьцілі, маўляў, на працэсе няма месца. Пра адну з жанчын, Іну, Кірыл ведае, што пазьней яе затрымалі. Далейшы лёс жанчыны яму невядомы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–кастрычнік 2020. Мы — сьведкі. „«Зэкі» з нараў падскочылі ад жаху“. АБНАЎЛЯЕЦЦААсабіста ведала Віктара Ганчара
Алене Гнаўк 63 гады. Яна юрыст, у савецкія часы закончыла ў Маскве прэстыжны Інстытут міжнародных зносінаў, шмат працавала ў аказаньні юрыдычных паслуг у сфэры будаўніцтва. Цяпер жыве ў вёсцы Ткачы Пружанскага раёна, актыўна займаецца грамадзкім жыцьцём, шчырая верніца, праваслаўная.
Паводле Кірыла Мазько, у 90-я гады ягоная маці была знаёмая зь Віктарам Ганчаром, вядомым беларускім апызыцыянэрам, скарадзеным невядомымі ў кастрычніку 1999 году разам з прадпрымальнікам Анатолем Красоўскім.
«Потым у маці заўсёды былі партрэты зьніклых. Яна гэтай тэмай даўно ня проста цікавіцца, а займаецца сур’ёзна. Мае сваю думку, хто гэта зрабіў, за Лукашэнку ніколі не галасавала, заўсёды казала, што на такой пасадзе патрэбны іншы чалавек. Пэўна ведаю, што на гэтых выбарах маці галасавала за Ціханоўскую, але як непасрэдна праходзіла для яе галасаваньне, распытаць яшчэ не пасьпеў. Вось вызваліцца, пагаворым», — сказаў Кірыл Мазько.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пенсіянэра асудзілі на 18 месяцаў «хатняй хіміі» за супраціў амапаўцам, якія выламалі дзьверы ў ягоную кватэру20 кастрычніка Кірылу і ягонай сястры Тацяне яшчэ было невядома, у чым вінавацяць іхную маці Алену Гнаўк. «Разьлічваем на адкавата, але калі яго пусьцяць, ня ведаем».
Вось што напісала Алена Гнаўк у канцы апошняга ліста з ізалятару: «На момант напісаньня гэтага ліста зь няволі мы — не здаемся. Калі-небудзь напішу дадатак. Жыве Беларусь!»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не магу маўчаць. «Карміць гэты рэжым я ня буду»