Ператрус у лідэркі Нацыянальнай моладзевай рады

Генэральная сакратарка Беларуcкай нацыянальнай моладзевай рады Ганна Дапшэвічуце

У генэральнай сакратаркі Беларуcкай нацыянальнай моладзевай рады Ганны Дапшэвічуце дома ідзе ператрус.

Пра гэта Свабодзе паведаміў яе муж Аляксей Мінчонак. Пакуль невядома, што ёй інкрымінуюць.

«Яна на хутары ў Пастаўскім раёне ў вёсцы Вялічкі, — распавёў Аляксей пазьней БелаПАН. — Сёньня да яе прыйшлі зь ператрусам. Была машына з Пастаўскага РАУС і машына зь людзьмі ў цывільным, з транзытнымі нумарамі. Зараз вынесьлі канфіскаваныя рэчы з хаты, самі яны пакуль у хаце. Па словах суседзяў, было відаць, што канфіскавалі кампутар».

Сувязі з жонкай у Аляксея цяпер няма. Ён не выключае, што ператрус можа быць зьвязаны з яе працай. У Менск Ганна Дапшэвічуце не прыяжджала тры з паловай месяцы, у пратэстах дакладна ня ўдзельнічала, але была назіральнікам на выбарах на выбарчым участку ў Лынтупа распавёў Аляксей Мінчонак.

Беларуcкая нацыянальная моладзевая рада — добраахвотны зьвяз беларускіх моладзевых арганізацыяў.

«РАДА» створана ў 1992 годзе і афіцыйна зарэгістраваная ў 1997 годзе дзеля кансалідацыі дзейнасьці моладзевых арганізацыяў у сфэры прадстаўленьня, прасоўваньня і абароны іх інтарэсаў. «РАДА» зьяўляецца паўнавартасным сябрам найбуйнейшай рэгіянальнай моладзевай плятформы -— Эўрапейскага моладзевага форуму.