Грамадзянская ініцыятыва «Союз» мае намер стварыць палітычную партыю, якая будзе выступаць за беларуска-расейскую інтэграцыю. Як паведамляюць naviny.by, 18 кастрычніка ў Менску адбылося пасяджэньне арганізацыйнага камітэту па заснаваньні палітычнай партыі «Союз».
«У склад аргкамітэту ўвайшлі парадку сарака кіраўнікоў грамадзкіх аб'яднаньняў, палітолягаў, прадстаўнікоў прафэсарска-выкладчыцкага корпусу і працоўных калектываў, публіцыстаў, прадпрымальнікаў, юрыстаў, моладзевых лідэраў з розных рэгіёнаў краіны», – паведамляецца на сайце ініцыятывы.
Старшынём прэзыдыюму аргкамітэту абралі Сяргея Лушча, лідэра прарасейскай моладзевай арганізацыі «Русь молодая», якая працуе ў Беларусі з 2011 году.
«РуМол» зьяўляецца адэптам канцэпцыі рускага сьвету. У статуце арганізацыі сярод мэтаў прапісана «садзейнічаньне яднаньню народаў і дзяржаў славяна-рускага арэалу», а таксама «пабудова глябальнай безбарʼернай расейскамоўнай прасторы, заснаванай на адзінай гісторыка-культурнай і духоўнай традыцыі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МУС: Багачову затрымлівалі, бо яна была ў міжнародным вышукуСяргей Лущ рэгулярна выступае на старонках сайтаў прамаскоўскай прапагандысцкай сеткі.
Выступаючы перад удзельнікамі сходу, Лушч акцэнтаваў увагу на «важнасьці рэалізацыі праекту Саюзнай дзяржавы як адзіна магчымага геапалітычнага выбару Беларусі; на неабходнасьці прызнаньня Крыму расейскай тэрыторыяй, сувэрэнітэту Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі».
На сайце ініцыятывы «Саюз» сказана, што гэта «добраахвотнае абʼяднаньне грамадзян і юрыдычных асоб Расейскай Фэдэрацыі і Рэспублікі Беларусь для сумеснай дзейнасьці, накіраванай на ўмацаваньне Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі».
У Беларусі палітычныя партыі не рэгістраваліся з 2000 году. Міністэрства юстыцыі ўсім адмаўляла, у асноўным па фармальных прычынах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прарасейcкія экспэрты заснавалі «Дыялёг», але апанэнтаў не запрасілі