Прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян заявіў, што гатовы «сустрэцца» з кіраўніком Азэрбайджану і пайсьці на кампраміс у справе Нагорнага Карабаху. Пра гэта ён сказаў у інтэрвію ТАСС.
«Наша пазыцыя — што нагорна-карабаскі канфлікт павінен вырашацца выключна мірным шляхам. І я гатовы прыкласьці ўсе неабходныя намаганьні, каб дасягнуць такога выніку. У тым ліку і паехаць, сустрэцца, пагаварыць. Але ўсе мы павінны зразумець, што рашэньне павінна абапірацца на кампраміс, не на капітуляцыю аднаго з бакоў, а на кампраміс», — сказаў ён, адказваючы на пытаньне, ці гатовы ён прыехаць у Маскву, каб сустрэцца са сваім візаві.
Паводле ягоных слоў, адпраўны пункт для Армэніі — гэта статус Нагорнага Карабаху. «Калі Азэрбайджан пагодзіцца ў пытаньні статусу Нагорнага Карабаху, дык можна сказаць, што ёсьць перадумовы для кампрамісу», — сказаў Пашыньян.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пастка Карабаху. Як перапляліся інтарэсы розных краін у канфлікце Баку і ЕрэвануПрэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў у інтэрвію таму ж ТАСС сказаў, што заўсёды «гатовы сустрэцца і ў Маскве, і ў любым іншым месцы, для таго каб пакласьці канец супрацьстаяньню і знайсьці шляхі ўрэгуляваньня». «Мы таксама хочам міру, але, у адрозьненьне ад Армэніі, мы таксама хочам тэрыторый, якія па праву нам належаць», — сказаў ён.
«Мы гатовыя хоць заўтра прыпыніць ваенныя дзеяньні, калі Армэнія будзе паводзіць сябе канструктыўна на перагаворным трэку, — сказаў Аліеў. — Але заявы, якія мы чуем зь Ерэвану, цалкам супярэчаць базавым прынцыпам, якія былі выпрацаваныя Менскай групай АБСЭ».
Раней Армія абароны Карабаху паведаміла, што 729 вайскоўцаў з армянскага боку загінулі ад пачатку баявых дзеяньняў падчас канфлікту ў Нагорным Карабаху, піша армянская служба Радыё Свабода. Генэральная пракуратура Азэрбайджану паведамляе, што з 27 верасьня па 19 кастрычніка, то бок за тры тыдні канфлікту, загінуў 61 грамадзянін Азэрбайджану, параненыя 282, разбурана 1846 дамоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Азэрбайджан узяў пад кантроль два гарады і мост на мяжы з Турэччынай, якія кантралявала АрмэніяЗбройны канфлікт у Нагорным Карабаху рэзка абвастрыўся ў канцы верасьня. 10 кастрычніка бакі пры пасярэдніцтве Масквы фармальна дамовіліся аб перамір’і, аднак пасьля яго ўступленьня ў сілу бакі рэгулярна вінавацяць адзін аднаго ў парушэньні пагадненьня.
Тэрытарыяльная спрэчка паміж Армэніяй і Азэрбайджанам наконт Нагорнага Карабаху доўжыцца з канца 1980-х гадоў. Населеная пераважна армянамі аўтаномная вобласьць заявіла пры падтрымцы Армэніі аб выхадзе з Азэрбайджанскай ССР, а ў верасьні 1991 году абвясьціла аб стварэньні «Нагорна-Карабаскай рэспублікі». За пэрыяд збройнага канфлікту 1988–1994 гадоў у сэпаратысцкім рэгіёне загінулі 30 тысяч чалавек, больш за сотню тысяч сталі ўцекачамі і змушанымі перасяленцамі.
«Нагорна-Карабаская рэспубліка» афіцыйна не прызнаная ніводнай краінай ААН, у тым ліку Армэніяй, якая настойвае, што «НКР» павінна быць незалежнай. У 1993 годзе ААН прыняла чатыры рэзалюцыі з патрабаваньнямі вывесьці армянскія войскі з Карабаху і прызнаць тэрыторыю часткай Азэрбайджану.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму спробы вырашыць праблему Нагорнага Карабаху раз за разам правальваюцца. Тлумачым