Спэцдакладчыца ААН па сытуацыі ў Беларусі Анаіс Марэн 26 кастрычніка прадставіць сваю справаздачу на 75-й сэсіі Генэральнай асамблеі гэтай міжнароднай арганізацыі. Адпаведны пункт унесены ў парадак дня. Дакумэнт ужо апублікаваны на сайце ААН.
«У гэтай справаздачы спэцыяльная дакладчыца ў пытаньні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн засяроджвае ўвагу на пытаньнях выкананьня правасудзьдзя, у прыватнасьці, правасудзьдзя ў дачыненьні да непаўналетніх, і судовага перасьледу праваабаронцаў, журналістаў і іншых прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі», — гаворыцца ў суправаджальнай нататцы да дакумэнту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спэцдакладчыца ААН: Катастрафічная сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі працягвае пагаршаццаУ справаздачы ўтрымліваецца інфармацыя, якая была атрыманая спэцдакладчыцай да 15 чэрвеня 2020 году. Марэн ня мела магчымасьці наведаць Беларусь, бо афіцыйны Менск не прызнае яе мандату, таму абапіралася на інфармацыю з розных крыніц, уключаючы ўрадавыя заявы, адказы ўраду на лісты і афіцыйныя публікацыі, а таксама паведамленьні, атрыманыя ад грамадзянскай супольнасьці, праваабаронцаў, ахвяр і сьведкаў парушэньняў правоў чалавека, дыпляматычнай супольнасьці, міжнародных і рэгіянальных арганізацый.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС назвала «бессэнсоўным дзеяньнем» працяг мандату спэцдакладчыка ААН па БеларусіУ дакумэнце ўтрымліваецца шэраг рэкамэндацый для ўраду Беларусі:
— забясьпечыць дэ-юрэ і дэ-факта прадстаўленьне незалежнай і высакаякаснай юрыдычнай дапамогі дзецям, абвінавачаным або прызнаным вінаватымі ў парушэньні крымінальнага права, ад самага пачатку судовага разбору;
— забясьпечыць удзел законных апекуноў дзяцей, выкладчыкаў, псыхолягаў і адпаведных органаў улады ад самага пачатку судовага разбору;
— забясьпечыць выкананьне прынцыпу прэзумпцыі невінаватасьці, у прыватнасьці ў выпадку дзяцей, якія парушылі закон;
— пакласьці канец судоваму перасьледу праваабаронцаў, журналістаў, блогераў і іншых прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці і гарантаваць выкананьне іх правоў на свабоду выказваньня думак і мірных сходаў у любы час, асабліва напярэдадні выбараў;
— адмяніць артыкул 411 Крымінальнага кодэксу, згодна зь якім тэрмін пакараньня за непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы можа працягвацца бясконца доўга, і скласьці вычарпальны пералік дзеяньняў, якія ўяўляюць сабой дысцыплінарныя правіны ў месцах пазбаўленьня волі.