Суд Заводзкага раёну Менска 19 кастрычніка асудзіў 66-гадовага Сяргея Кузьняцова на 1 год і 6 месяцаў «хатняй хіміі», паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна». Вырак агучыла судзьдзя Алена Капцэвіч.
Пэнсіянэра судзілі паводле ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэксу — непадпарадкаваньне супрацоўніку органаў унутраных справаў. Яго абвінавацілі ў тым, што 12 чэрвеня ён пагражаў амапаўцам нажом, калі тыя ўзломвалі дзьверы ў ягоную кватэру. Менчуку падчас штурму жытла стрэлілі ў грудзі з помпавай стрэльбы.
Перад гэтым Кузьняцоў затэлефанаваў у міліцыю і папрасіў прыцягнуць да адказнасьці Аляксандра Лукашэнку за абразу Віктара Бабарыкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзіўна, што за драпіну на калене даюць тры гады калёніі», — жонка асуджанага за супраціў міліцыіСваёй віны ў зьдзяйсьненьні злачынства Сяргей Кузьняцоў не прызнаў, сьцьвярджаючы, што ніякіх пагрозаў у адрас супрацоўнікаў міліцыі не выказваў.
Двое з чатырох пацярпелых амапаўцаў прасілі суд не караць Кузьняцова пазбаўленьнем волі і ўжыць да яго мякчэйшае пакараньне. У выніку судзьдзя агучыла прысуд: 18 месяцаў абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову.