Таварыства беларускай мовы пераабрала старшынёй Алену Анісім і заклікала да вяртаньня Канстытуцыі 1994 году

Алена Анісім, архіўнае фота.

XIV зьезд Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, які прайшоў 18 кастрычніка ў Менску, большасьцю галасоў падтрымаў на выбарах старшыні былую дэпутатку Палаты прадстаўнікоў Алену Анісім, якая і раней была кіраўніцай грамадзкага аб’яднаньня.

Анісім паведаміла БелаПАН, што ў выніку зьезду дэлегаты прынялі заяву.

«Зьезд ТБМ выступае за вяртаньне Канстытуцыі 1994 года, у якой статус беларускай мовы быў абвешчаны як адзінай дзяржаўнай мовы ў нашай краіне. Статус расейскай і іншых моваў, на якіх гавораць грамадзяне Беларусі, можа быць вызначаны ў новым законе аб мовах», — гаворыцца ў дакумэнце.

Зьезд выказаўся супраць удзелу ТБМ у абмеркаваньні прапанаванай Аляксандрам Лукашэнкам ідэі зьмяненьня Канстытуцыі, — падкрэсьліла Анісім:

«Арганізацыя ня можа ўдзельнічаць у падмане, а ўсе разумеюць, што зьмены ў Канстытуцыі — гэта гульня, якая не нясе нічога пазытыўнага, нічога патрэбнага. Таму было цьвёрда сказана, што зьезд выступае за вяртаньне да Канстытуцыі 1994 году, у якой беларуская мова была адзінай дзяржаўнай. Гэта тое, на чым ТБМ стаяла, стаіць і будзе стаяць, гэта тое, да чаго неўзабаве прыйдзе і ўсё наша грамадзтва».

ТБМ было заснаванае ў 1989 годзе для падтрымкі і разьвіцьця беларускай мовы і культуры, а таксама абароны моўных правоў грамадзян. Да красавіка 1997 года ТБМ узначальваў народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч. Затым на працягу двух гадоў арганізацыяй кіраваў паэт і дыплямат Генадзь Бураўкін. Восеньню 1999-га старшынём ТБМ быў абраны археоляг, гісторык архітэктуры, палітычны дзяяч Алег Трусаў. У кастрычніку 2017 году абʼяднаньне ўзначаліла філёляг Алена Анісім, якая на той момант была дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.