Мост з 1993 году знаходзіўся пад кантролем армянскіх сілаў. Ён разьмешчаны ў Джэбраільскім раёне Азэрбайджану, гэта значыць не непасрэдна на тэрыторыі Нагорнага Карабаху.
Раней у Баку абвясьцілі аб узяцьці раённых цэнтраў Джэбран і Фізулі, якія таксама былі пад армянскім кантролем з пачатку 1990-х гадоў.
Узяцьце мосту, пабудаванага ў XII стагодзьдзі, азначае, што за час апошняга наступленьня, якое пачалося ў канцы верасьня, азэрбайджанскія войскі ля мяжы з Іранам прасунуліся ад лініі судакрананьня на 25-30 кілямэтраў.
Напярэдадні МЗС Азэрбайджану і Армэніі заявілі аб тым, што з 0 гадзін 18 кастрычніка ў зоне канфлікту пачнецца гуманітарнае замірэньне. Аднак раніцай у нядзелю абодва бакі абвінавацілі адзін аднаго ў парушэньні рэжыму спыненьня агню.
Рэджэп Эрдаган, прэзыдэнт Турэччыны, якая падтрымлівае ў канфлікце Азэрбайджан, у нядзелю абвінаваціў Францыю, ЗША і Расею — краіны, якія граюць ролю пасярэднікаў у канфлікце — у пастаўцы зброі ў Армэнію.
Эрдаган дамагаецца, каб Турэччына таксама ўдзельнічала ў перамовах аб мірным урэгуляваньні; пры гэтым ён лічыць, што Азэрбайджан мае права ўзяць Нагорны Карабах пад кантроль сілай — у той час як Масква, Парыж і Вашынгтон заяўляюць, што ваеннага рашэньня канфлікт ня мае.
Прэмʼер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян у нядзелю зноў адхіліў магчымасьць удзелу Турэччыны ў перамовах, абвінаваціўшы Эрдагана ў вайсковай падтрымцы Азэрбайджану і ў падбухторваньні Баку да вайны.