9 жніўня ў Беларусі прайшлі прэзыдэнцкія выбары. Вынікі, паводле якіх перамог Аляксандар Лукашэнка, не прызналі 14 дзяржаў. У краіне больш за два месяцы праходзяць пратэсты і масавыя затрыманьні мітынгоўцаў.
Дакумэнталіст Максім Швед са сваёй камандай, каб зафіксаваць настроі людзей і іх палітычныя погляды напярэдадні выбараў, усталяваў камэры ў машынах двух таксістаў, Паўла і Ганны. Кіроўцы размаўляюць з пасажырамі, і непазьбежна іх дыялёгі пераходзяць на палітыку.
Дакумэнтальны фільм «Маршрут перастроены» даступны 18 кастрычніка ад 19:30 на ютуб-канале «Настоящее Время. Док».
Павал зь Менску нецярпліва чакае пераменаў у краіне — удзельнічае ў мітынгах, у машыне ў асноўным слухае праграмы навінаў. Ганна з Баранавічаў баіцца, што новая ўлада акажацца горшая за старую, ня верыць у сур’ёзнасьць кандыдатаў, успамінае савецкія часы, абмяркоўвае палі бульбы, а падчас паездак слухае ў асноўным шансон.
Шмат каго з пасажыраў, якія выказвалі нязгоду з рэжымам Лукашэнкі, і ўдзельнікаў здымачнай групы пасьля пачатку пратэстаў затрымлівалі і арыштоўвалі, у тым ліку і рэжысэра Максіма Шведа. Яго зьбілі падчас затрыманьня і ў СІЗА і пасадзілі на пяць сутак за «ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу».
«Здымкі фільму меліся скончыцца 9 жніўня, у дзень выбараў, калі кожны з герояў ідзе на ўчастак і аддае свой голас. Але падзеі, як вы ведаеце, на гэтым ня скончыліся, і мы з рэдактарам вырашылі здымаць далей, — расказвае Швед. — На наступны дзень, 10 жніўня, мяне затрымалі. затрымалі жорстка, груба. Мяне білі падчас затрыманьня, у аўтазаку, у РУУС. Пазьней для сябе я жартам прыдумаў, што я хачу здымаць кіно, а здымаю пабоі».
Максім Швед — беларускі дакумэнталіст, аўтар карціны «Чыстае мастацтва», якая атрымала прызы на фэстывалях «Артдокфест» і «Лістапад» у 2019 годзе. Фільм таксама адкрываў фэстываль Docudays UA. Стужка расказвала пра мастака-абстракцыяніста, які пераносіў на палатно няроўныя рознакаляровыя прастакутнікі, якімі працаўнікі ЖЭСу зафарбоўваюць графіці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ЖЭС-арт — тая ж „апошняя дыктатура Эўропы“». Пра прагу беларусаў да чысьціні зьнялі фільм