Армэнія і Азэрбайджан абвінавацілі адно аднаго ў парушэньні перамірʼя, якое дзейнічала з 0:00 18 кастрычніка паводле мясцовага часу, піша «Настоящее время».
Пазыцыя Армэніі. Азэрбайджан правёў артылерыйскі абстрэл у паўночным кірунку і ракетны ў паўднёвым. Страты ў абодвух бакоў.
Пазыцыя Азэрбайджану. Армэнія абстраляла зь мінамётаў і артылерыі азэрбайджанскія пазыцыі, азэрбайджанскія войскі «прынялі меры ў адказ».
Увечары 17 кастрычніка кіраўнікі МЗС Азэрбайджану, Армэніі і Расеі на трохбаковых перамовах па тэлефоне дамовіліся пра спыненьне агню з апоўначы 18 кастрычніка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму спробы вырашыць праблему Нагорнага Карабаху раз за разам правальваюцца. Тлумачым
Узброены канфлікт у Нагорным Карабаху рэзка абвастрыўся пры канцы верасьня. Першае перамірʼе абʼявілі 10 кастрычніка, але бакі рэгулярна абвінавачваюць адзін аднога ў парушэньні пагадненьня.
Тэрытарыяльная спрэчка паміж Армэніяй і Азэрбайджанам цягнецца з канца 1980-х гадоў. Населеная ў асноўным армянамі Нагорна-Карабахская аўтаномная вобласьць пры падтрымцы Армэніі заявіла пра выхад з Азэрбайджанскай ССР, а ў верасьні 1991 году заявіла пра стварэньне «Нагорна-Карабахскай рэспублікі». Падчас узброенага канфлікту 1998—1994 гадоў у рэгіёне загінулі 30 тысяч чалавек, больш за сто тысяч сталі ўцекачамі і вымушанымі перасяленцамі.
«Нагорна-Карабахская рэспубліка» афіцыйна не прызнаная ніводнай краінай ААН, у тым ліку Армэніяй, якая лічыць, што «НКР» павінна быць незалежнай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пастка Карабаху. Як перапляліся інтарэсы розных краін у канфлікце Баку і Ерэвану