Ці будуць яны страляць у народ

Чым тлумачыцца сэрыя заяваў сілавікоў пра магчымасьць ужываньня агнястрэльнай зброі? Што азначае заява старшыні КГБ пра рыхтаваную правакацыю? Каму выгадны пераход пратэстаў у сілавое супрацьстаяньне?

Абмяркоўваюць палітычныя аглядальнікі Свабоды Сяргей Навумчык і Юры Дракахруст.

Дракахруст:

  • Я зьвярнуў увагу на словы начальніка менскай міліцыі, што «у нас няма стомленасьці», «мы будзем стаяць да канца» і гэтак далей. Гэта важныя словы, часам людзі адмаўляюць тое, што ёсьць. Адмыслоўцы ў спэцслужбах кажуць, што два месяцы — гэта вельмі шмат, АМАПаўцы і ўвогуле сілавікі знаходзяцца пад моцным псыхалягічным і фізычным ціскам. Магчыма, у кіраўнікоў зьявілася думка: ну калі вось так спыніць масавыя пратэсты не ўдаецца, трэба неяк па-іншаму. А па-іншаму — гэта зброя.
  • Зьверствы сілавікоў безумоўна падвышаюць «градус злосьці». Спэцслужбы заўсёды ўмелі (і любілі) працаваць з радыкаламі. Прычым часам уцёмную: людзі, якія пад кантролем спэцслужбаў, маглі раіць лідэру нейкія сілавыя спосабы («Біць мянтоў!»). А органы потым кажуць: «А мы тут пры чым? Мы ж папярэджвалі!».
  • Ёсьць спакусы па два бакі. На адным – перавесьці канфлікт у сілавое сутыкненьне. Бо сілавікі і ёсьць для сілавога супрацьстаяньня. І калі з другога боку страляюць – яны для гэтага падрыхтаваныя. На другім баку ёсьць гарачыя галовы, якія заклікаюць да зброі. І ў гэтым я таксама бачу небясьпеку.
  • І тут высілкі лідэраў грамадзтва вельмі важныя, каб яны заявілі: «Мы выбіраем ня зброю!». Калі радыкалы адчуюць, што іх заклікі да сілы не падтрымлівае грамадзтва, яны гэтага і ня будуць рабіць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дых хто рыхтуе правакацыю, пра якую заяўляе старшыня КДБ

Навумчык:

  • Заяву старшыні КГБ можна было б сьпісаць на банальнае запалохваньне, але кантэкст падзеяў прымушае не выключаць і вэрсію, што нехта, скажам гэтак, зь «безадказных кіраўнікоў у сілавых структурах» сам рыхтуе правакацыю.
  • Я заўсёды кажу, што хаця за больш як 100 гадоў пасьля ўтварэньня ВЧК сваіх мэтадаў КГБ не зьмяніла, але туды набіраюць больш адукаваных, чым у міліцыю, з аналітычнымі здольнасьцямі, якія могуць пралічыць на два хады наперад. Напрыклад, што нехта будзе страляць у АМАП, а ўжо АМАП будзе страляць у адказ.
  • Важна памятаць словы Пуціна, пры якіх умовах ён акажа Лукашэнку «сілавую дапамогу», увядзе войскі. Ён назваў масавыя беспарадкі, гвалт, а таксама — перакульваньне аўтамабіляў. Такім чынам, дастаткова пераапранутаму ў цывільнае АМАПаўцу ці КГБісту перакуліць адзін аўтамабіль — і вось ужо нагода ўвесьці расейскія войскі.
  • У сацыяльных сетках часам ідуць папрокі ад украінцаў, маўляў, вы, беларусы, занадта мяккія, трэба пераходзіць да рашучых дзеяньняў, паліць шыны і гэтак далей — але такія заклікі не знаходзяць падтрымкі. Абсалютна перакананы, што ніхто зь мірных пратэстоўцаў не зацікаўлены ў эскаляцыі гвалту.
  • Рэакцыя грамадзтва на заявы сілавікоў адмоўная. І ў самой Беларусі, і за яе межамі. З асуджэньнем выступіла старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, мы чулі і зварот мэдыкаў, якія наўпрост кажуць пра генацыд народу і пагрозу грамадзянскай вайны. І людзі, што выходзяць на вуліцы, прапануюць самае мірнае выйсьце: вызваленьне палітвязьняў, адстаўка Лукашэнкі і новыя свабодныя выбары.
  • У гутарцы з Ганнай Соўсь дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка заявіў, што ў выпадку дабраахвотнага сыходу Лукашэнкі яму і яго сям’і павінна быць гарантаваная недатыкальнасьць, а таксама недатыкальнасьць яго маёмасьці. Куды ўжо больш мякка і мірна?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму сусьветныя палітыкі захапляюцца Ціханоўскай? Тлумачыць яе дарадца ў міжнародных справах Франак Вячорка