Сустаршыню страйкаму ААТ «Беларуськалій» Анатоля Бокуна 16 кастрычніка асудзілі яшчэ на 15 дзён адміністрацыйнага арышту, паведаміў страйкам у сваім тэлеграм-канале. Сёньня ён мусіў выйсьці на волю пасьля 25 содняў арышту.
22 верасьня Анатоля Бокуна пакаралі 25 соднямі адміністрацыйнага арышту, яго прызналі вінаватым паводле двух пратаколаў: артыкул 23.4 (непадпарадкаваньне) і артыкул 23.34 КаАП (парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў).
Тады Анатоль Бокун стаў адзіным пакараным пасьля затрыманьня 22 рабочых, што выказвалі падтрымку шахтару Алегу Кудзёлку, які адмовіўся падымацца з шахты на знак пратэсту супраць фальшывых выбараў і гвалту ў краіне — з астатнімі правялі гутаркі і выпусьцілі.
31 жніўня Анатоль Бокун быў пакараны арыштам на 15 содняў у аналягічнай справе аб парушэньні парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сустаршыня страйкаму «Беларуськалію» Анатоль Бокун абвясьціў галадоўку