У рэдакцыю Rebenok.by зьвярнуліся пэдагогі сярэдняй школы № 66 Менску. Паводле іх, каранавірусам тут заразіліся каля 15 калегаў, якія працуюць у старэйшых клясах. Хварэюць і дзеці, але школу на карантын не закрываюць.
Як расказала адна з пэдагогаў Юлія (імя зьмененае), на Дзень настаўніка ў школе быў канцэрт, усе прыйшлі бяз масак. На наступны тыдзень захварэла настаўніца матэматыкі, тэст на каранавірус выявіўся станоўчым. Неўзабаве зьлеглі намесьнікі дырэктара, настаўнікі-прадметнікі, сацыяльны пэдагог, бібліятэкар. Шмат хто хварэе з запаленьнем лёгкіх, некаторыя ляжаць у лякарні. У школе засталіся каля 10 настаўнікаў старэйшых клясаў, на замены ставяць настаўнікаў, якія працуюць у іншым профілі.
Дзеці, паводле Юліі, таксама хварэюць: напрыклад, у клясе настаўніцы матэматыкі, якая захварэла першай, выявілі больш за 10 пацьверджаных выпадкаў каранавірусу сярод вучняў. Яшча адна настаўніца таксама пацьвердзіла, што ў школе шмат хворых сярод пэрсаналу і дзяцей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каранавірус: адразу ў некалькіх краінах зафіксавалі антырэкорды
Настаўнікі склалі пэтыцыю за ўвядзеньне карантыну, але перадаць не пасьпелі — захварэлі самі
У школе ўвялі масачны рэжым, але як адзначае Юлія, яна ведае калег, якія «не здымалі зь сябе ні масак, ні пальчатак і ўсё роўна заразіліся». Дзяцей замацавалі за кляснымі памяшканьнямі, паставілі антысэптыкі, але «дзе гарантыя, што дзеці імі карыстаюцца».
Настаўнікі падрыхтавалі пэтыцыю на імя дырэктара, у якой патрабуюць прыняць канкрэтныя меры: каб у школу прыехала санстанцыя, каб зрабілі як мага больш тэстаў і каб было прынята рашэньне пра карантын. Пэтыцыя да дырэктара так і не дайшла — пэдагогі, якія яе рыхтавалі, таксама захварэлі. Але кіраўніцтва пра збор подпісаў ведае.
Многія бацькі баяцца пускаць дзяцей у школу і напісалі заяву на хатняе навучаньне да канца чвэрці, у клясах ня больш за 10 чалавек. Паводле Юліі, выкладчыкі ня могуць прымусіць дзяцей хадзіць на ўрокі ў масцы.
«У гэтай сытуацыі больш за ўсё мяне ўразіла, наколькі не шануецца жыцьцё звычайнага настаўніка. Мы ня ведаем, якія адкладзеныя наступствы для здароўя выкліча вірус, як калегі справяцца. У Дзень настаўніка нам усе кажуць, што мы вельмі каштоўныя. А ў такой сытуацыі выяўляецца, што ўсё зусім інакш», — кажа настаўніца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каранавірус у Эўропе. Камэнданцкая гадзіна ў Францыі, абмежавальныя захады ў Чэхіі і Нідэрляндах
Санстанцыя: «мы пастаянна ў кантакце, дык што, таксама павінны на карантын сысьці?»
Санстанцыя ў школу ўсё ж прыехала. У Цэнтры гігіены і эпідэміялёгіі Савецкага раёну Менску выданьню Rebenok.by сказалі, што кантралююць сытуацыю, праводзяць санітарную апрацоўку памяшканьняў, але на пытаньне, «ці 30% хворых у школе — той узровень, пры якім школу могуць закрыць на карантын», адказалі эмацыйна:
«А хто вам такія зьвесткі даў, што ў школе ёсьць 30 адсоткаў хворых? Настаўнікі? Няма там столькі. Можа, з улікам кантактных асобаў я з вамі і пагаджуся. Але „кантакт“ яшчэ ня значыць хворы. Мы, эпідэміёлягі, пастаянна знаходзімся ў кантакце. І што, таксама павінны ўсе на карантын сысьці, а вы тут самі разьбірайцеся?»
Пасьля супрацоўніца санстанцыі нагадала пра «неабходную праслойку» — што частка грамадзтва павінна перахварэць, каб сфармаваць калектыўны імунітэт і спыніць распаўсюджваньне вірусу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі за суткі выявілі 526 новых выпадкаў каранавірусу, 5 чалавек памерлі
Дырэктар: «Хварэюць ня толькі на COVID-19»
Дырэктарка СШ № 66 Натальля Казак спачатку ад камэнтароў адмовілася, але пасьля пацьвердзіла словы эпідэміёлягаў пра тое, што ў школе няма 30% хворых:
«Адкуль такая колькасьць можа ўзяцца сярод дзяцей? Хварэюць пэдагогі, і гэта таксама ня 30 адсоткаў. Хварэюць ня толькі на COVID-19, але на іншыя захворваньні. Шмат у каго адмоўны тэст», — сказала дырэктарка.
Паводле яе, калі нехта з настаўнікаў захворвае, яго адпраўляюць на тэст, адсочваюць кантакты; акрамя таго, штораніцы мераюць тэмпэратуру бескантактнымі тэрмомэтрамі «ня толькі супрацоўнікам і навучэнцам, але і староньнім».
Колькі цяпер чалавек хварэюць у школе, дырэктар казаць адмовілася.
Атрымаць інфармацыю аб колькасьці хворых на COVID-19 у іншых школах Менску Rebenok.by пакуль не ўдалося, хоць запыт у Менскі гарадзкі цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі дасылалі каля трох тыдняў таму.