Пандэмія каранавірусу новага тыпу надалей пашыраецца. На 16 кастрычніка ў сьвеце зафіксавана 39 млн 251 тысяча тых, хто заразіўся, і больш за 1 млн 104 тысячы памерлых.
У Францыі ўпершыню ад пачатку пандэміі дзённы прырост склаў 30 тысяч. У Парыжы прайшлі ператрусы ў чыноўнікаў, уключаючы міністра аховы здароўя. Сьледчых цікавіць, ці была стратэгія барацьбы зь вірусам аптымальнаю. Лекары і пацыенты скардзяцца на дэфіцыт лекаў і сродкаў індывідуальнай абароны.
У ЗША таксама зафіксаваны дзённы максымум за апошнія 2 месяцы — 66 тысяч заражэньняў.
У Лёндане з суботы пачнуць дзейнічаць больш жорсткія абмежаваньні. У брытанскай сталіцы ўзровень эпідэмічнай небясьпекі павышаюць ад сярэдняга да высокага. Вяртаюцца паўсюдныя маскі, раньняе закрыцьцё пабаў і забароны на любыя сходы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каранавірус у Эўропе. Камэнданцкая гадзіна ў Францыі, абмежавальныя захады ў Чэхіі і Нідэрляндах
У Чэхіі напярэдадні зафіксавалі чарговы рэкорд новых хворых — 9721. У лякарнях цяпер 2920 чалавек. Ад пачатку эпідэміі памерлі 1230. У краіне пачалі пераабсталёўваць некаторыя выставачныя цэнтры пад часовыя шпіталі.
У Расеі ўпершыню выявілі больш за 15 тысяч новых выпадкаў COVID-19 за суткі — 15 150 чалавек захварэлі. Гэта максымум з пачатку пандэміі. Памерлі за суткі 232 пацыенты з COVID-19.