Цяпер расклад падзеяў кнігарня мусіць узгадняць з прэзыдыюмам Акадэміі навук.
Пісьменьнік Віктар Марціновіч паведаміў у сваім акаўнце на facebook, што ў «Акадэмкнізе» ня будзе аўтограф-сэсіі з нагоды выхаду ягонай кнігі «Рэвалюцыя».
«Мы ня можам правесьці аўтограф-сэсію „Рэвалюцыі“ ў маёй любімай „Акадэмкнізе“. „Зьверху“ сказалі, што трэба атрымаць дазвол на мерапрыемства ў прэзыдыюме Акадэміі навук. Мне прыгадваецца той самы момант кінафільму „Аса“, дзе ў Цоя просяць прад’явіць даведку з ЖЭКу і дыплём аб сканчэньні музыкальнай навучальнай установы, а ён — сыходзіць», — напісаў Віктар Марціновіч.
Інфармацыю пацьвердзіла дырэктарка кнігарні Вольга Глухоўская.
«Мы адказалі, што мусім узгадняць усе захады з нашым кіраўніцтвам. Нашы заснавальнікі — Акадэмія навук, мы да іх не зьвярталіся з просьбай правесьці мерапрыемства, на кастрычнік усе мерапрыемствы мы ўзгаднілі ўжо зь імі», — паведаміла дырэктарка.
«Рэвалюцыя» — новы раман Віктара Марціновіча. Папярэдні твор гэтага аўтара «Ноч» выйшаў два гады таму. 6 гадоў таму выйшла кніга «Мова». Віктар Марціновіч — адзін з самых чытаных беларускіх пісьменьнікаў, ягоныя творы перакладзеныя на замежныя мовы.
Першы ягоны раман «Параноя» выйшаў у 2009 годзе.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мяне выціскаюць зь беларускага сьвету і зь беларускай мовы». Віктар Марціновіч даў вялікае відэаінтэрвію ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Юркойцеў палон. Пра што кніга, якая атрымала прэмію імя Гедройця