Дзьмітры Шэпелеў, знаны як вядоўца беларускіх, украінскіх і расейскіх тэлеканалаў, апублікаваў у Інстаграме эмацыйны допіс, выкліканы навіной пра затрыманьне і пабіцьцё ў Менску ягонага сябра — уласьніка кветкавай крамы Максіма Харошына.
Дзьмітры Шэпелеў напісаў, што ён адчувае нянавісьць, злосьць і разгубленасьць.
«Я пішу гэта таму, што не магу маўчаць, бо ніколі зьверства АМАПу Беларусі не закранала мяне так блізка і так асабіста.
Рэжым Лукашэнкі злачынны. Так не павінна, так ня можа працягвацца. Складаньне паўнамоцтваў. Перавыбары. Мірная перадача ўлады — патрабаваньне большасьці. Большасьці жыхароў Беларусі.
Два месяцы мае сябры, іх жонкі і дзеці жывуць і азіраюцца, ці не па іх прыйшлі непрыметна апранутыя ў цывільнае супрацоўнікі. Туляцца па дварах, ратуючыся ад перасьледу. Хаваюцца ад сьвятлашумавых гранатаў. Вызваляюць таварышаў з турмаў.
Яны плацяць гэтую цану за новае жыцьцё ў новай краіне, у Беларусі, якую яны заслугоўваюць, свабодную ад страху і дыктатуры. І яны павінны перамагчы.
Я хачу вас падтрымаць. Я вельмі ганаруся вамі. Жыве Беларусь!», — напісаў Шэпелеў.
13 кастрычніка Максіма Харошына брутальна пабілі пры затрыманьні і пасьля ў РУУС, так што адразу зь міліцыі адправілі ў шпіталь.
Відэа, на якім яго ў жудасным стане вядуць зь міліцыі ў машыну хуткай дапамогі, ускалыхнула інтэрнэт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскі журналіст Кашын: «Паліцэйскі тэрор стаў формай дзяржаўнага існаваньня Беларусі» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бабчанка: «Ружовыя поні» — гэта не такая ўжо і нэгатыўная канатацыя. ВІДЭА