Былы рэстаратар і грамадзкі дзяяч Вадзім Пракопʼеў расказвае пра «народны ўльтыматум» Лукашэнку, плян перамогі, тлумачыць сваю ролю ў абʼяднаньні апазыцыйных сіл за мяжой.
Глядзіце размову на відэа цалкам.
Тут фрагмэнты гутаркі.
«За маім сталом маглі сядзець нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч, рэцыдывіст, хіпстэр і дыплямат з амбасады»
— Вадзім, я бачыла вас на фота з сустрэчы ў Вільні каманды Сьвятланы Ціханоўскай, Каардынацыйнай рады, штабоў Цапкалы і Бабарыкі і фондаў дапамогі рэпрэсаваным. Раскажыце пра вашу ролю ў гэтай камандзе.
— Прызямліўшыся ў Вільні, я ўбачыў выбітныя посьпехі і некаторыя недахопы ў нашай арганізацыі. Трэба было некаму ўзяць на сябе ролю абʼяднальніка. Я накідаў свой плян перамогі, і яго першым пунктам было абʼяднаньне ўсіх буйных фігураў, усіх мэдыйных асобаў, якія могуць абʼяднацца за мяжой, дзеля агульнай мэты. Я хацеў, каб анэкдот пра беларусаў застаўся анэкдотам зь мінулага: адзін беларус — гэта партызан, два беларусы — партызанскі атрад, тры беларусы — партызанскі атрад і здраднік.
— Дык вы там былі як Вадзім Пракопʼеў, не як сябра Каардынацыйнай рады, не як сябра штабоў Бабарыкі і Цапкалы, не як сябра фондаў салідарнасьці, і вы не ўвайшлі ў каманду Ціханоўскай?
— Я там быў і застаюся чалавекам, які прыкладае ўсе магчымыя чалавечыя і прафэсійныя намаганьні, каб мы дасягнулі перамогі. Я быў там чалавекам, які пабачыў некаторыя недахопы арганізацыі нашага супраціву за мяжой. Я памятаю цудоўна гісторыю нашай клясычнай апазыцыі, якая наўрад ці давала прыклад для перайманьня празь немагчымасьць абʼяднацца і дамовіцца па агульным парадку дня, а потым невыкананьне некаторых дамоўленасьцяў. Мне гэтая роля надзвычай падыходзіла.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пракоп’еў у Вашынгтоне: «Беларусам не хапае злосьці»Я цудоўна разумею, што мы маем справу зь людзьмі, якія захопленыя адной і той жа мэтай і маюць вельмі розны жыцьцёвы і прафэсійны досьвед, вельмі розны бэкграўнд. Мая былая дзейнасьць рэстаратара навучыла, што трэба размаўляць з усімі. Людзі, якія памятаюць, як я кіраваў рэстаранамі, маглі б згадаць, што за маім сталом маглі сядзець нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч, рэцыдывіст, які адседзеў чатыры разы, хіпстэр і дыплямат з амбасады. Абсалютна несумяшчальныя людзі чамусьці сьмяяліся і знаходзілі агульныя тэмы для размовы, і ўсё пераўтваралася ў чалавечы кантакт.
Напярэдадні той сустрэчы я ўсіх запрасіў на вячэру. Да гэтага ня ўсе былі паміж сабой знаёмыя, за вячэрай я сачыў, каб атмасфэра растапіла лёд паміж нейкімі флянгамі, калі ён увогуле заставаўся. Гэта была вельмі шчырая размова. Канечне, усе прыйшлі з розных кіраўніцкіх культураў. Я напісаў на дошцы: One mission, One team, One headquarter (Адзіная місія, адзіная каманда, адзіны штаб). Я выкарыстаў тое, што не належу да ніводнага флянгу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ультыматум Ціханоўскай»: ці здасца Лукашэнка і што зробіць народ. ВІДЭАДЫСКУСІЯ
«Мы на вайне, усе працуюць толькі на перамогу»
— У аўторак быў выстаўлены народны ўльтыматум Аляксандру Лукашэнку. Ціханоўская дала Лукашэнку 13 дзён, каб «выканаць тры абавязковыя патрабаваньні»: Лукашэнка павінен абвясьціць аб сыходзе, гвалт на вуліцах павінен спыніцца цалкам, усе палітвязьні павінны быць вызвалены. Як прымалася рашэньне?
— За нашым круглым сталом гэтае рашэньне не прымалася, яно прымалася пазьней. За круглым сталом гаварылі пра тое, каб абʼяднаць нашыя намаганьні. Я магу беларусаў супакоіць, што ніхто не займаецца дзяленьнем партфэляў, што ўсе памятаюць, што мы на вайне, што ўсе працуюць толькі на перамогу і ўсе памятаюць, што людзі сядзяць у турмах і што іх арыштоўваюць. Тут няма настрою спакою і камфорту. Што да ўльтыматуму, ідэя ўзьнікла пазьней, я ня браў удзелу ў абмеркаваньні.
— Ваша ацэнка візыту Аляксандра Лукашэнкі ў СІЗА КДБ, пасьля якога моцна ўзмацніліся гвалт і рэпрэсіі сілавікоў?
— Тыя, хто думае, што ў Лукашэнкі шмат часу і ён можа трываць як у Хабараўску, яны не разумеюць некалькі акалічнасьцяў. Гэта эканоміка і падтрымка Пуціна. Лукашэнка павінен прыехаць да Пуціна як той гангстэр, які вырашыў праблему Нью-Джэрзі і можа цяпер размаўляць з Мангэтанам. Ён яе ня вырашыў і ня вырашыць. Калі ён ня вырашыць яе за 13 дзён, ягоная сытуацыя істотна пагаршаецца. Ён можа па-ранейшаму адмаўляцца ад дыялёгу, ягоныя справы будуць станавіцца ўсё горшымі і горшымі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вадзім Пракоп’еў: Лукашэнка абвясьціў ужо адкрыты тэрор
«Цяпер Лукашэнка робіць усё магчымае, каб нават самыя апалітычныя людзі ненавідзелі яго»
— Ведаю, што блізкія вам людзі ў Беларусі пацярпелі ад рэпрэсій. Хто для вас людзі, якія, ведаючы пра жорсткі гвалт, працягваюць выходзіць на мірны пратэст?
— Я лічу, што гэта людзі, якія прачнуліся. Мне вельмі горка ўсьведамляць, што прабуджэньне адбываецца такім рэзкім халодным душам, але ж мы разумеем, што Лукашэнка такі і быў. Цяпер ён робіць усё магчымае, каб нават самыя апалітычныя людзі ненавідзелі яго і патрабавалі пакараньня. Калі нацыя нараджаецца і глядзіць на сябе ў люстэрка, вельмі важна паставіць сабе адзнаку ці заняцца рэфлексіяй. Я лічу, што цяпер ня трэба пра гэта думаць, а трэба думаць пра свой унёсак у ціск. Слушна Калесьнікава гаварыла: дзяўбці, дзяўбці, дзяўбці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мне дастаткова пяці гадоў, і менчукі б не пазналі горад», — рэстаратар Пракопʼеў пра сваю палітычную амбіцыюКалесьнікава — разумніца, яшчэ раз паказала сябе героем, адмовіўшыся ад перамоваў. Мы разумеем, што не ва ўсіх быў такі выбар, таму ня будзем спэкуляваць. Да сустрэчы ў СІЗА ў іх быў псыхалягічны партрэт кожнага, і мэтады ціску адпаведныя. Калі вы трымаеце закладніка ў падвале і даяце яму тыя газэты, якія хочаце даваць, вы можаце шмат дасягнуць псыхалягічна. Лукашэнка ведае, што робіць. Ён цалкам беспрынцыповы, але ён вопытны гулец.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бізнэсовец Пракоп’еў выклікаў Лукашэнку на баксэрскі бой. ВІДЭА— Дзе цяпер фізычна вы будзеце найчасьцей? Вільня, Вашынгтон, Кіеў?
— Я ведаю дакладна, што я хачу зрабіць, чым хачу дапамагчы. Я над гэтым працую штодня. У мяне ёсьць уласны плян перамогі, і я яго выконваю мэтадычна. Абʼяднаньне — першы пункт майго пляну. Разам мы можам зрабіць нашмат болей, чым паасобку. Сьвятлана проста вучыцца на хаду, яна вялікая разумніца і малайчына. Яе здольнасьці саманавучацца ў новым для сябе полі ашаламляльныя.
Парадак дня адзін — якім чынам тут, пакуль мы на свабодзе, ажыцьцявіць нашу мэту. Таму што мы можам рабіць рэчы, якія немагчыма рабіць у Беларусі. Я хацеў бы застацца ў гэтай ролі пасярэдніка, а далей буду плянамерна ажыцьцяўляць свае мэтады барацьбы. Я мог бы іх рабіць адзін, як і раней, але я сурʼёзна лічу, што калі мы будзем абʼяднаныя і скаардынаваныя, нават мае сьціплыя высілкі могуць узмацніцца ў сто разоў. Дзеля гэтага ўсё і робіцца. Але дзе я буду фізычна? Падазраю, што я буду перамяшчацца паміж рознымі гарадамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прапаную Кіеў як пункт зборкі беларускага пратэсту». Рэстаратар Пракоп’еў запісвае відэа, у якіх заклікае змагацца з рэжымам