Беларусы на знак салідарнасьці з Украінай выйшлі асобнай калёнай пад бел-чырвона-белымі сьцягамі на марш Украінскай паўстанцкай арміі (УПА) у Кіеве.
14 кастрычніка ва Ўкраіне — выходны дзень, у які адзначаецца адразу некалькі сьвятаў — Дзень абаронцаў Украіны, Дзень заснаваньня УПА, Дзень украінскага казацтва і Пакровы.
Беларусы кажуць, што сваім удзелам у маршы хочуць прадэманстраваць сваю салідарнасьць з Украінай у адстойваньні яе дзяржаўнага сувэрэнітэту, а таксама паказаць, што беларусы ўдзельнічаюць ва ўсіх сфэрах украінскага жыцьця і адначасова імкнуцца да поўнай волі і незалежнасьці сваёй Радзімы.
Марш, які распачаўся ў парку імя Тараса Шаўчэнкі, зладзілі правацэнтрысцкая партыя «Свабода», а таксама праварадыкальныя арганізацыі «Правы сэктар» і «Нацыянальны корпус».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне зноў рэабілітуюць рэпрэсаваных у СССР. Першым стаў ваяр УПАУдзельнікі акцыі, сярод якіх шмат вэтэранаў баявых дзеяньняў на Данбасе, звычайных грамадзян і актывістаў — аматараў гістарычных рэканструкцый, прайшлі цэнтрам украінскай сталіцы да плошчы Незалежнасьці, дзе хвілінай маўчаньня ўшанавалі памяць тых, хто загінуў у часе Рэвалюцыі годнасьці і на расейска-ўкраінскай вайне.
Пасьля гэтага ўдзельнікі акцыі накіраваліся да Офіса прэзыдэнта Ўкраіны, дзе агучылі свае патрабаваньні — ухваліць закон, каб дазволіць прыцягваць да адказнасьці асобаў, якія адмаўляюць расейска-ўкраінскую вайну і абвінавачваюцца ў калябарацыянізьме. Удзельнікі акцыі таксама выступілі за тое, каб пазбавіць ліцэнзіяў тэлеканалы, якія маюць прарасейскія пазыцыі — 112 Украіна, NewsOne, ZiK, НАШ, Inter, Kyiv Live.
У акцыі ўзялі ўдзел ад 3 да 5 тысяч грамадзян.