З магілёўскага ўнівэрсытэту імя Куляшова, які некалі скончыў Аляксандар Лукашэнка, за пратэсты адлічылі двух студэнтаў. Аднаму зь іх, Сяргею Есауленку, пасьля азнаямленьня з загадам уручылі позву ў войска.
19-гадовы хлопец паўдзельнічаў у дзьвюх акцыях пратэсту на ганку ўнівэрсытэту. Ён лічыць: адміністрацыя на ягоным прыкладзе паказвае іншым студэнтам, што будзе караць за непаслушэнства.
Фармальная прычына адлічэньня — «сыстэматычнае парушэньне ўнутранага распарадку».
Пра Сяргея Есауленку
- Нарадзіўся ў Бабруйску. Сябра БРСМ.
- Вучыўся на другім курсе ўнівэрсытэту на гісторыка-філялягічным факультэце, спэцыяльнасьць — гісторыя.
- Нараканьняў на пасьпяховасьць і дысцыпліну раней не было. Імкнуўся сёлета атрымаць павышаную стыпэндыю.
Выйшаў са сьцягам, каб паказаць, што студэнты маюць альтэрнатыўны погляд на жыцьцё
5 верасьня Сяргей Есауленка на флэшмобе БРСМ, прысьвечаным 18-годзьдзю арганізацыі, разгарнуў бел-чырвона-белы сьцяг. Учынак студэнта выклікаў розгалас у сацыяльных сетках.
«Выйшаў зь беларускім сьцягам, — тлумачыць свой учынак хлопец, — каб паказаць, што ня ўсе ва ўнівэрсытэце маюць аднолькавы погляд на жыцьцё і парадкі ў краіне».
Сяргей кажа, што па сканчэньні імпрэзы да яго падыходзілі ўдзельнікі і хвалілі за сьмеласьць. Ягоны ж учынак тады скончыўся напісаньнем тлумачальных. У іх «пад дыктоўку» ён пісаў: быўшы «чальцом БРСМ, абурыўся, што яго не запрасілі на акцыю арганізацыі, і выйшаў зь бел-чырвона-белым сьцягам, каб прадэманстраваць сваю незадаволенасьць».
З словаў Сяргея, у верасьні, калі ў Беларусі пачалася масавы сыход моладзі з БРСМ, і ён падаў такую заяву. Адказу на яе не атрымаў, бо тады кіраўніцтва ўнівэрсытэцкай суполкі сышло на два тыдні ў водпуск. Таму ён ня ведае, ці застаецца фармальна сябрам праўладнай арганізацыі.
З 30 ахвочых падтрымаць студэнта выйшлі двое
2 кастрычніка Сяргей разам з аднагрупнікам правялі акцыю салідарнасьці з затрыманым студэнтам гэтага ж унівэрсытэту Андрэем Булыгам. Яго забралі з навучальнай установы за тое, што зладзіў 30 верасьня «сядзячы» адзіночны пікет у падтрымку студэнткі БДУ Ангеліны Фядосік, асуджанай за ўдзел у акцыі пратэсту на 12 сутак арышту. Ён кажа, што заступіцца за Булыгу зьбіраліся «чалавек трыццаць», але наважыліся толькі ён з прыяцелем. Пасьля акцыі ім паціскалі рукі і хвалілі нават выкладчыкі.
Сяргея Есауленку выклікалі на «раду прафіляктыкі» і дапытвалі, чаму яны выйшлі, хто падказаў, але ўпікалі больш за пропускі, чым за пратэставую актыўнасьць. Ён настойвае, што пропускаў няшмат: «два за фізкультуру», але аднекуль «узяліся яшчэ восем». За акцыю салідарнасьці тады толькі папярэдзілі.
Праз тыдзень даведаўся, што падрыхтаваны загад на яго адлічэньне за «сыстэматычнае парушэньне ўнутранага распарадку». За тое самае яму раней вынесьлі рэктарскую вымову.
Пасьля пратэсту правілы ўнутранага распарадку ўнівэрсытэту зьмянілі
З словаў Сяргея, 12 кастрычніка пра загад у інтэрнаце і бухгальтэрыі ня ведалі. Яму самому дакумэнт паказалі мімаходзь, паабяцаўшы копію даслаць на электронную пошту. Патрабаваць яе не захацеў, бо жаданьня змагацца за аднаўленьне не было.
Прарэктар па выхаваўчай працы ўнівэрсытэту Ўладзімер Ясееў сказаў Свабодзе, што Есауленка «адлічаны за пропускі заняткаў без паважных прычын, і гэта ніякім чынам не зьвязана з удзелам у акцыях».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 19-гадовага магілёўца, які браў удзел у акцыі пратэсту, з ізалятара забралі ў войскаПа азнаямленьні з загадам, кажа студэнт, у суседнім кабінэце супрацоўнік вайсковага камісарыяту ўручыў яму дзьве позвы з рознымі датамі на мэдычнае абсьледаваньне для накіраваньня ў войска. Адтэрміноўка пасьля адлічэньня з унівэрсытэту страціла сілу.
Сяргей кажа, што 5 кастрычніка ва ўнівэрсытэце «дапрацавалі» правілы ўнутранага распарадку. Там зьявіліся патрабаваньні, якія забараняюць студэнтам удзельнічаць «на тэрыторыі ўнівэрсытэту ў ня ўзгодненых з адміністрацыяй мерапрыемствах», а таксама выкарыстоўваць незарэгістраваную сымболіку.
На ягоную думку, новаўвядзеньні зьявіліся пасьля студэнцкіх акцыяў салідарнасьці, і менавіта за акцыі яго адлічылі. Ён мяркуе: калі б не было пратэстаў, то за пропускі яго толькі паўшчувалі б і да адлічэньня не дайшло б.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ратавальнік, электроншчык, тэхноляг. Гісторыі беларусаў, якія пасьля выбараў страцілі працу праз палітычную пазыцыю
Патрэбны толькі вайсковаму камісарыяту
Сяргей падкрэсьлівае, што адміністрацыя ўнівэрсытэту «нецярпіма ставіцца да альтэрнатыўнага погляду на жыцьцё». «Той, хто мае ідэі, якія не супадаюць з афіцыйнай лініяй, падпадае пад перасьлед», — тлумачыць ён.
Паводле Сяргея, шмат хто выказаў падтрымку, даведаўшыся пра яго адлічэньне. Разам з тым ён адзначае, што адлічэньне «напалохала студэнтаў». «Ім паказалі, — лічыць суразмоўца, — што зь імі будзе за іхнае непаслушэнства — каб ведалі сваё месца».
Зь ягоных словаў, бацькі раяць яму ісьці ў войска, а потым вучыцца і працаваць. Ён жа лічыць, што найлепшым выйсьцем з сытуацыі было б зьехаць з краіны. Родныя супраць, бо, на іхную думку, тады ня хутка зможа вярнуцца на радзіму.
«Пакуль тут ня зьменіцца сытуацыя, ня бачу для сябе пэрспэктываў. Адзіны, каму я патрэбны, — гэта камісарыят, — робіць выснову Сяргей. — Аднаўляцца ў магілёўскім унівэрсытэце не хачу, бо атмасфэра ў навучальнай установе не схіляе вучыцца ў ёй».
Паводле яго, магілёўскім студэнтам не падабаюцца парадкі ў краіне, але яны пакуль не гатовыя публічна выказваць незадаволенасьць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лічу помсту шляхетным пачуцьцём». Гомельская выкладчыца і кандыдатка навук расказала пра 8 сутак арышту