ЗША асудзілі выбраньне Расеі, Кітаю і Кубы ў Раду правоў чалавека

Паседжаньне Рады правоў чалавека

Расея пасьля чатырохгадовага перапынку зноў абраная ў Раду правоў чалавека ААН. Такое рашэньне прыняла пасьля галасаваньня Генэральная Асамблея ААН 13 кастрычніка, дзе Расею падтрымалі 158 з 193-х дзяржаваў.

«Мы вярнуліся і гатовыя да канструктыўнага супрацоўніцтва», — сказана ў твітэры расейскай місіі пры Радзе. Акрамя Расеі, туды выбралі яшчэ 14 краін, у тым ліку Кітай, Кубу і Ўзбэкістан. Праваабаронцы ня раз вінавацілі ўлады гэтых дзяржаваў у сур’ёзных і сыстэматычных парушэньнях правоў чалавека. Напярэдадні галасаваньня Human Rights Watch і Amnesty International перасьцераглі сусьветную супольнасьць ад абраньня ў Раду правоў чалавека ААН Кітаю, Расеі і Саудаўскай Арабіі. Апошнюю на галасаваньні 13 кастрычніка не ўхвалілі.

Прадстаўнік Human Rights Watch Люі Шарбано заявіў ВВС, што ў Раду «абраныя краіны, якія парушаюць правы чалавека і якія не павінны мець дачыненьня да яе. Але, на шчасьце, там няма права вэта», — сказаў Шарбано.

Дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампэо заявіў, што абраньне Расеі, Кітаю і Кубы ў РПЧ пацьвярджае слушнасьць рашэньня прэзыдэнта Дональда Трампа выйсьці з Рады і выкарыстоўваць іншыя магчымасьці абароны ўсеагульных правоў чалавека.

Усяго ў Раду правоў чалавека ўваходзяць 47 дзяржаваў. Тэрмін паўнамоцтваў дзяржавы-сябра складае тры гады. Выбары праводзяць таемным галасаваньнем, і дзяржава-кандыдат павінна атрымаць прынамсі 97 галасоў.