Прынамсі сямёх гарадзенцаў затрымалі ў апошнія дні па падазрэньні ў крымінальнай справе, нібыта яны датычныя да тэлеграм-чатаў у мікрараёнах.
Сама меней сямёх гарадзенцаў затрымалі з 9 кастрычніка, сярод іх 5 жанчын. Іх падазраюць у «арганізацыі або падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўным удзеле ў іх» (частка 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі). Вядома, што некаторых з затрыманых падазраюць у парушэньні закону ў першыя дні пратэстаў 9–11 жніўня, а таксама ў датычнасьці да тэлеграм-чатаў мікрараёнаў. Пасьля 72 гадзін у ізалятары дзьвюх асоб вызвалілі з-пад варты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля сядзячага пратэсту на прыступках Акадэміі навук затрымалі антраполягаМаці адной з затрыманых Алена расказала, што ейная 27-гадовая дачка Яўгенія ішла ранкам 9 кастрычніка на працу. Дзяўчына пасьпела пазваніць сваёй начальніцы і паведаміла, што на працу ня дойдзе і што ня можа сказаць, дзе яна. Пазьней прызналася, што яна ў міліцыі. Маці дагэтуль ня ведае, за што менавіта забралі дачку. Кажа, што тая давала паказаньні пад ціскам. Алена мяркуе, што дачка не парушала закон.
Перад заканчэньнем 72 гадзін ад затрыманьня Яўгенію асудзілі па адміністрацыйнай справе за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве на 5 сутак арышту.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.