У Беларусі за суткі выявілі 526 новых выпадкаў каранавірусу, 5 чалавек памерлі

На 13 кастрычніка ў Беларусі афіцыйна пацьверджаныя агулам 84 524 выпадкі заражэньня COVID-19, паведаміла Міністэрства аховы здароўя ў Тэлеграме.

Ад пачатку эпідэміі ў Беларусі памерлі 906 пацыентаў «з шэрагам хранічных захворваньняў, з выяўленай каранавіруснай інфэкцыяй».

За апошнія суткі зарэгістравана:

  • 526 новых выпадкаў заражэньня (учора — 464),
  • 5 сьмерцяў,
  • 374 чалавекі ачунялі і выпісаныя.

На 13 кастрычніка ачунялі і выпісаныя 77 797 пацыентаў, актыўных пацьверджаных выпадкаў на сёньня ў Беларусі — 5821.

Ад пачатку эпідэміі ў Беларусі праведзена 2 095 917 тэстаў на каранавірус — узбуджальнік COVID-19.

Ад вясны Міністэрства аховы здароўя не праводзіць прэс-канфэрэнцый, прысьвечаных дынаміцы захворваньня ў Беларусі.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ