Ва Ўкраіне адкрылі памятную дошку Васілю Быкаву

У сяле Вялікая Севярынка Кіраваградзкай вобласьці адкрылі мэмарыяльную дошку беларускаму пісьменьніку Васілю Быкаву.

У часе Другой усясьветнай вайны Васіль Быкаў удзельнічаў у баях за вызваленьне гэтага сяла і быў цяжка паранены. Яго памылкова ўнесьлі ў сьпіс загінулых, а потым увекавечылі ягонае імя на абэліску, пастаўленым на сельскай брацкай магіле.

Гэтыя аўтабіяграфічныя факты беларускі пісьменьнік адлюстраваў у рамане «Мёртвым не баліць», які выйшаў у 1965 годзе. У тым жа годзе Быкаў наведаў Вялікую Севярынку і доўга сядзеў каля абэліска. Відавочцы казалі, што прапанавалі выкрасьліць ягонае імя з абэліска, але ён адмовіўся.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску зьявілася памятная дошка на доме, дзе жыў Быкаў

Быкаў называў Вялікую Севярынку сваёй роднай вёскай, бо лічыў, што тут ён нарадзіўся другі раз.

«Я памятаю шмат вёсак Кіраваградзкай вобласьці, але асабліва — Вялікую Севярынку, у баі пад якой я быў цяжка паранены. Лічуся пахаваным у брацкай магіле ў сяле Вялікая Севярынка, пра што паведамілі маім родным. Але, як бачыце: выжыў!» — пісаў Васіль Быкаў у сваіх лістах.

З ініцыятывай усталяваць памятную дошку Васілю Быкаву выступілі мясцовыя жыхары, іх падтрымалі сельскія ўлады. У цырымоніі адкрыцьця ўзяў удзел і амбасадар Беларусі ва Ўкраіне Ігар Сокал. Раней беларускія дыпляматы адмовіліся ад удзелу ў адкрыцьці помніка Яну Баршчэўскаму ў Чуднаве Жытомірскай вобласьці.

У гэтым украінскім сяле ёсьць вуліца імя Васіля Быкава і ягоны музэй.