Экс-прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Беларусі Віктар Бабарыка ня лічыць сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам у СІЗА КДБ дыялёгам. Дыялёг, на яго думку, магчымы, але пры пэўных умовах, першая зь якіх — вызваленьне ўдзельнікаў сустрэчы з-за кратаў.
Пра свае ўражаньні ад сустрэчы з Лукашэнкам экс-прэтэндэнт у прэзыдэнты расказаў адвакатам Аляксандру Пыльчанку, Натальлі Мацкевіч і Дзьмітрыю Лаеўскаму, паведамляе Tut.by.
Сустрэчу, якая адбылася ў суботу 10 кастрычніка, на думку Віктара Бабарыкі, нельга назваць дыялёгам. Перш за ўсё таму, што дыялёг мае на ўвазе роўнасьць удзельнікаў з пункту гледжаньня іх знаходжаньня на волі, а тут гэтага не было — сам Бабарыка і іншыя ўдзельнікі сустрэчы знаходзяцца ў СІЗА.
Акрамя таго, дыялёг павінен суправаджацца роўным доступам яго ўдзельнікаў да інфармацыйнага поля, што таксама немагчыма пры знаходжаньні чалавека пад вартай. І трэцяе — за сталом павінна быць значна шырэйшае кола прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці, лічыць Віктар Бабарыка. Таму ніякіх дамоўленасьцяў падчас сустрэчы не дасягнулі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка сустрэўся з Бабарыкам і іншымі палітвязьнямі ў СІЗА КДБ«Віктар Бабарыка лічыць, што дыялёг магчымы, але пры пэўных умовах, першая зь якіх — вызваленьне ўдзельнікаў сустрэчы з-за кратаў. Акрамя таго, Віктар Бабарыка падкрэсьлівае, што „мы памятаем аб усіх іншых палітычных зьняволеных“, і бязь іх вызваленьня таксама немагчыма вядзеньне дыялёгу. Пазыцыя Віктара Бабарыкі па палітычных пытаньнях, нягледзячы на доўгае зьняволеньне, не зьмянілася», — кажуць абаронцы экс-банкіра.
Наконт таго, што сказаў бізнэсовец Юры Васкрасенскі ў СМІ, Віктар Бабарыка заяўляе, што ўдзельнікі сустрэчы не перадавалі нікому паўнамоцтваў весьці дыялёг ці гаварыць ад іх імя. Акрамя таго, спадар Васкрасенскі ня быў чальцом штабу Бабарыкі, як і іншыя каардынатары па раёнах, ён не належаў да кола асобаў, якія прымалі рашэньні, і ніколі не атрымліваў ад Бабарыкі якіх-колечы даручэньняў, як і ня вёў зь ім індывідуальных размоваў. Таму Васкрасенскі — неўпаўнаважаная асоба, падкрэсьліў Віктар Бабарыка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Двух арыштаваных выпусьцілі зь СІЗА пасьля сустрэчы з Лукашэнкам10 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка сустрэўся з групай палітзьняволеных у СІЗА КДБ. Інфармацыя пра гэта зьявілася ў другой палове дня 10 кастрычніка. Дзяржаўныя СМІ сказалі, што размова тычылася будучых зьменаў у Канстытуцыю.
На сустрэчы былі:
- былы прэтэндэнт на прэзыдэнцтва Віктар Бабарыка,
- ягоны сын Эдуард Бабарыка,
- блогер Сяргей Ціханоўскі,
- дырэктар менскага офіса кампаніі PandaDoc Дзьмітры Рабцэвіч,
- сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады юрыстка Лілія Ўласава,
- былы топ-мэнэджар «Белгазпрамбанку» Сяргей Дабралёт,
- уладальнік галерэі «Ў» Аляксандар Васілевіч,
- Кірыла Бадзей, які ўзначаліў «Белгазпрамбанк» пасьля сыходу Бабарыкі,
- паліттэхноляг Віталь Шкляраў,
- сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады адвакат Максім Знак,
- адвакат Ільля Салей,
- бізнэсовец Юры Васкрасенскі.
Увечары 11 кастрычніка са сьледчага ізалятара КДБ выпусьцілі на волю бізнэсоўца Юрыя Васкрасенскага і дырэктара менскага офіса кампаніі PandaDoc Дзьмітрыя Рабцэвіча.
Падрабязнасьці пра сустрэчу з Лукашэнкам у СІЗА КДБ 10 кастрычніка сваім адвакатам раней расказалі Максім Знак, Сяргей Ціханоўскі і Віталь Шкляраў. Таксама стала вядома, што Марыі Калесьнікавай на сустрэчы не было, бо яна адмовілася на яе ехаць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўскі быў на сустрэчы Лукашэнкі з палітвязьнямі, — адвакат зьняволенага паліттэхноляга Шклярава ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калесьнікава адмовілася ад сустрэчы з Лукашэнкам у СІЗА КДБ