Супрацоўнікі праваахоўных органаў Беларусі 12 кастрычніка затрымалі 186 удзельнікаў пратэстаў, паведаміла БелТА 13 кастрычніка прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава.
«За парушэньне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах, учыненьне іншых правапарушэньняў затрымана 186 грамадзян», — сказала яна.
Паводле Чамаданавай, агулам 12 кастрычніка ў Беларусі зафіксавалі 22 пратэставыя акцыі, у якіх паўдзельнічалі ня больш за 1,5 тысячы чалавек, больш за ўсё — у Менску (ня больш за тысячу). Паводле прэс-сакратаркі МУС, супрацоўнікі міліцыі «былі вымушаныя выкарыстоўваць сьлезацечны газ і сьветлашумавыя гранаты», каб спыніць супрацьпраўныя дзеяньні і аднавіць дарожны рух.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сілавікі ўжылі супраць пэнсіянэраў пэтарды і газ на акцыі ў Менску. ВІДЭАПраваабаронцы «Вясны» сабралі прозьвішчы больш як 120 затрыманых і цяпер адсочваюць вынікі судоў над імі.
Удзень 12 кастрычніка ў Менску і рэгіёнах пэнсіянэры выйшлі на акцыі пратэсту. У Менску сілавікі ўжылі супраць іх сьветлашумавыя патроны з пісталету «Аса» і сьлезацечны газ. У Горадні пасьля маршу пэнсіянэрка трапіла ў шпіталь.
Увечары ў Менску на пратэст выйшлі мікрараёны сталіцы. Сілавікі жорстка разагналі і гэты пратэст.