На сустрэчы ў СІЗА КДБ Аляксандар Лукашэнка дазволіў Сяргею Ціханоўскаму патэлефанаваць Сьвятлане, калі даведаўся, што вязень не камунікуе з жонкай. Размова адбывалася ў прысутнасьці аховы. Пра гэта расказаў Tut.by адвакат Ціханоўскага Віктар Мацкевіч.
Для сустрэчы ў СІЗА КДБ Ціханоўскага рана раніцай 10 кастрычніка вывезьлі з жодзінскага СІЗА ў суправаджэньні людзей у масках. Прывезьлі ў менская КДБ, завялі ў невялікую залю. На стале ўжо стаялі таблічкі зь імёнамі вязьняў, якія прысутнічалі на сустрэчы. Для ўсіх вязьняў мерапрыемства стала нечаканасьцю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калесьнікава адмовілася ад сустрэчы з Лукашэнкам у СІЗА КДБЦіханоўскі сказаў, што не хацеў, каб на сустрэчы яго здымалі на камэру для тэлебачаньня. Таксама не паціснуў руку Лукашэнку, бо асьцерагаецца каранавірусу.
Размова доўжылася каля 5 гадзін, але гаварыў пераважна Лукашэнка, перадаў Ціханоўскі.
«Як растлумачыў мой падабаронны, пры размове пра канстытуцыйную рэформу ён, Ціханоўскі, сказаў, што ён і тыя з прысутных, хто зацікаўлены, гатовыя і маглі б выказаць свае прапановы, але не ў кайданках, знаходзячыся ў турме, а па добрай волі», – сказаў Мацкевіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская ўпершыню за 4 месяцы пагутарыла з мужам. Пра што яны гаварылі і як стала магчымай размоваЦіханоўскі спрабаваў давесьці сваю пазыцыю, што ён знаходзіцца пад вартай па неабгрунтаваных абвінавачваньнях. Ён абураўся прэс-сакратару Лукашэнкі Натальлі Эйсмант тым, што дзяржаўныя СМІ распаўсюджваюць пра яго недакладную інфармацыю пра тое, што ён працуе на РФ, на захад, пра яго знаёмства са Шкляравым і гэтак далей.
Ціханоўскі таксама пытаўся, за што абвясьцілі ў вышук ягоную жонку Святлану Ціханоўскую, чаму на сустрэчы не было Марыі Калеснікавай.
З адказаў Лукашэнкі, як сказаў Ціханоўскі, яму стала ясна, што той добра абазнаны аб ходзе расьсьледаваньня крымінальных спраў і пра тое, у які момант якія ўмовы ўтрыманьня і чаму былі ў Сяргея ў СІЗА. Выказваліся таксама супрацьлеглыя пункты гледжаньня з нагоды таго, ці павінен удзел у палітыцы ўплываць на крымінальныя абвінавачваньні. Ціханоўскаму далі зразумець, што яго выпусьцяць з-пад варты ня хутка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўскі быў на сустрэчы Лукашэнкі з палітвязьнямі, — адвакат зьняволенага паліттэхноляга ШкляраваДзяржаўныя СМІ і блізкі да прэс-службы Лукашэнкі тэлеграм-канал апублікавалі змантаваныя відэакадры сустрэчы, ні на водным зь якіх не відаць Сяргея Ціханоўскага. Можна заўважыць толькі край кепкі, руку і вуха чалавека.