Жыхара Добруша пасадзілі на 10 сутак за тое, што здымаў сьвята гораду

Машына міліцыі ў Добрушы, архіўнае фота

Жыхар Добруша Сяргей Усьціновіч прыйшоў 10 кастрычніка на сьвята гораду з малым сынам і апынуўся ў ізалятары, а затым — «на сутках». З уладнага сьвята ён вёў жывы эфір. Да яго падышоў міліцыянт і «запрасіў» прайсьці ў аддзел.

«Сёньня Сяргей Усьціновіч атрымаў 10 сутак арышту. За што — ніхто з нас не зразумеў. Здаецца, яму інкрымінавалі частку 1 артыкула 23.34 — удзел у несанкцыянаваным шэсьці. Але ён быў на дзяржаўным сьвяце, з малым сынам...» — паведаміла Свабодзе адна з жыхарак Добруша.

На відэа з жывога эфіру можна прасачыць, што Сяргей Усьціновіч здымае сьвята гораду — спаборніцтвы, кірмаш, канцэрты. На 2.00 эфіру відаць, як праходзіць невялікі спэктакль на ваенную тэматыку.

Пасьля спэктакля людзі ў вайсковай форме запрашаюць нібыта ўсіх ахвотных на абед — салдацкую кашу. У вайсковы шацёр «на абед» заходзяць людзі, падобныя да раённага кіраўніцтва. Туды ж, у шацёр, спрабуе зайсьці невядомы хлопчык, напэўна, на заклік, што «запрашаем увесь народ». Але актрыса ў вайсковай форме перагарадзіла хлопчыку дарогу і закрыла ўваход фіранкамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пэнсіянэры выйшлі на акцыі пратэсту. Сілавікі ўжылі супраць іх пэтарды і газ. ФОТА, ВІДЭА

Празь некалькі хвілін да Сяргея Ўсьціновіча падыходзіць міліцыянт і кажа: «Пайшлі!». «Куды?» — пытаецца Сяргей. «Пагутарым», — кажа міліцыянт. У выніку жыхара Добруша разам з малым сынам (на выгляд каля шасьці гадоў) прывялі ў міліцыю.

Апошняе, што чуваць на эфіры, — зварот да сына: «Тату садзяць у турму».