Лукашэнка ўсіх падмане? Вынікі «круглага стала ў СІЗА»

Якія вынікі «круглага стала ў СІЗА»? Ці пагадзіўся Бабарыка на прапановы Лукашэнкі? На якую Канстытуцыю гатовы Лукашэнка? Якія шляхі вырашэньня беларускага крызісу?

Гэтыя пытаньні абмяркоўваюць у Праскім акцэнце блогер Сяргей Лаўрыненка і палітолягі: кіраўнік беларускага Цэнтру стратэгічных і замежнапалітычных дасьледаваньняў Арсені Сівіцкі і навуковы супрацоўнік дасьледчага цэнтру Барыса Нямцова ў Празе, экспэрт міжнароднай ініцыятывы iSANS (The International Strategic Action Network for Security) Аляксандар Марозаў.

Лаўрыненка:

  • Магчыма, мы на гэтым тыдні ўбачым вызваленьне Бабарыкі.
  • Калі ўмова вызваленьня — гэта заклік да спыненьня пратэстаў і ўдзел у канстытуцыйным працэсе, то згода на гэта — гэта палітычная сьмерць у цяперашніх умовах. Людзі, якія выходзяць на вуліцу, гэтага ня прымуць.
  • Формула канстытуцыйнай рэформы Лукашэнкі — чым менш зьмястоўных зьменаў, тым лепш.
  • У грамадзтва ёсьць канкрэтнае патрабаваньне — гэта сыход Лукашэнкі ад улады. Але яно ў цэлым не гатовае на радыкальныя крокі, на штурм прэзыдэнцкай рэзыдэнцыі.
  • Гэтае становішча стварае нестабільнасьць. І ня толькі ў сэнсе пратэстаў. Але гэта спараджае недавер замежных інвэстараў, недавер Масквы. Масква не гатовая даваць грошы, бо ня ведае, як будзе разьвівацца сытуацыя.
  • Размова Масквы пра Канстытуцыю — гэта размова пра сыход Лукашэнкі.

Марозаў:

  • Я б хацеў, каб Бабарыка выйшаў на волю. Лепш так, чым сядзець яшчэ некалькі гадоў, як гэта было пасьля 2010 году.
  • Канстытуцыйная рэформа і рэфэрэндум па ёй, хутчэй за ўсё, адбудуцца — у адрозьненьне ад датэрміновых прэзыдэнцкіх выбараў. Лукашэнка будзе пазьбягаць гэтага.
  • Бабарыка казаў пра стварэньне партыі, Знак пра гэта казаў. Калі б яны змаглі яе стварыць і ўдзельнічаць у парлямэнцкіх выбарах, гэта быў бы не найгоршы варыянт.
  • Адносна людзей на вуліцы Лукашэнка не зьбіраецца мяняць сваю палітыку. Калі ён прапануе зьдзелку палітвязьням, гэта ня значыць, што ён будзе дзейнічаць інакш адносна пратэсту.

Сівіцкі:

  • І ўнутры краіны, і на міжнароднай арэне складаюцца ўмовы, якія Аляксандар Лукашэнка ня можа ігнараваць.
  • Лукашэнка зараз паспрабуе абмяняць канстытуцыйную рэформу на фінансавую падтрымку заходніх краінаў.
  • Ён зараз вызваліць амаль усіх палітвязьняў, у тым ліку і Бабарыку, і Ціханоўскага, прычым незалежна ад таго, ці пагадзіліся яны ўдзельнічаць у ягонай канстытуцыйнай рэформе.
  • Рэформа паводле Лукашэнкі павінна прывесьці да такога транзыту ўлады, пры якім ён захавае свой статус у беларускім палітычным ляндшафце.
  • Зараз казахстанскі варыянт падаецца яму даволі пэрспэктыўным.