Сяргей Ціханоўскі 10 кастрычніка быў на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з палітвязьнямі ў СІЗА КДБ. Пра гэта расказаў для «Эхо Москвы» адвакат арыштаванага паліттэхноляга Віталя Шклярава Антон Гашынскі.
Раніцай 12 кастрычніка адвакат Віталя Шклярава Антон Гашынскі сустрэўся з падабаронным, а потым пераказаў журналістам падрабязнасьці сустрэчы таго з Лукашэнкам.
«Я ўбачыў сёньня Віталя — яго Лукашэнка запрасіў на размову разам зь Ціханоўскім і Бабарыкам, якіх Віталь на гэтай сустрэчы ўбачыў упершыню», — расказаў Гашынскі.
Лукашэнка 10 кастрычніка сустрэўся ў сьледчым ізалятары КДБ з затрыманымі прадстаўнікамі Каардынацыйнай рады і аб’яднанага штабу апазыцыі. Сьцьвярджаецца, што Лукашэнка размаўляў са зьняволенымі чатыры з паловай гадзіны, але пра што — таямніца.
Дзяржаўныя СМІ і блізкі да прэс-службы Лукашэнкі тэлеграм-канал апублікавалі змантаваныя відэакадры сустрэчы, ні на водным зь якіх не відаць Сяргея Ціханоўскага. Можна заўважыць толькі край кепкі, руку і вуха чалавека. Магчыма, гэта і быў Сяргей Ціханоўскі.
У той жа дзень Сьвятлана Ціханоўская апублікавала аўдыё тэлефоннай размовы з мужам, дзе той просіць яе паводзіць сябе «больш жорстка» ў дачыненьні да ўладаў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская ўпершыню за 4 месяцы пагутарыла з мужам. Пра што яны гаварылі і як стала магчымай размова ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рада, што ўжо не відаць гематомы на твары». Што родныя палітвязьняў думаюць пра іх сустрэчу з Лукашэнкам ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Двух арыштаваных выпусьцілі зь СІЗА пасьля сустрэчы з Лукашэнкам