Эмамалі Рахмон пакіруе Таджыкістанам яшчэ 7 гадоў

Эмамалі Рахмон

Эмамалі Рахмон, які ўзначальвае Таджыкістан з 1992 году, набраў на прэзыдэнцкіх выбарах 11 кастрычніка амаль 91 працэнт галасоў выбарнікаў. Пра гэта паведаміла Цэнтральная камісія выбараў і рэфэрэндумаў. Выніковая яўка на выбарах склала больш за 85 адсоткаў.

Акрамя Рахмона, для якога гэта былі ўжо пятыя прэзыдэнцкія выбары, у іх удзельнічалі яшчэ чатыры кандыдаты: лідэр Аграрнай партыі Таджыкістану Рустам Латыфзода, лідэр Сацыялістычнай партыі Абдухалім Гафарзода, кіраўнік Партыі эканамічных рэформаў Рустам Рахматзод і лідэр камуністаў Міродж Абдулоеў. Яны, паводле афіцыйных папярэдніх зьвестак, набралі ад трох да аднаго адсотка галасоў.

Нацыянальны альянс Таджыкістану, хаўрус апазыцыйных групаў, якія знаходзяцца за мяжой, назваў прэзыдэнцкія выбары незаконнымі і заклікаў міжнародныя арганізацыі не прызнаваць іх вынікі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як «перавыбіраецца» адзіны постсавецкі лідэр, які ва ўладзе даўжэй за Лукашэнку

Эмамалі Рахмон перамагаў на ўсіх выбарах прэзыдэнта ў Таджыкістане з 1994 году, датуль ён фактычна два гады кіраваў краінай на чале Вярхоўнага Савету. Паводле закону ў Таджыкістане адзін чалавек ня мае права быць прэзыдэнтам больш за два тэрміны. Аднак у 2016 годзе ў краіне былі прынятыя папраўкі ў Канстытуцыю, якія прызналі Эмамалі Рахмона Лідэрам нацыі і дазволілі яму абірацца неабмежаваную колькасьць разоў.

Нядаўна Рахмону споўнілася 68 гадоў. У Таджыкістане існуе культ асобы Эмамалі Рахмона. У красавіку старэйшы сын прэзыдэнта Таджыкістану Рустам Эмамалі стаў старшынём верхняй палаты парлямэнту. Такім чынам, 32-гадовы Эмамалі стаў другім чалавекам у Таджыкістане. У выпадку сьмерці, адстаўкі або недзеяздольнасьці прэзыдэнта кіраваць краінай да наступных выбараў будзе ён. З 2016 году дачка прэзыдэнта Азода Рахмон узначальвае адміністрацыю прэзыдэнта.

Паводле Human Right Watch, улады краіны перасьледуюць апазыцыю, журналістаў і іх блізкіх, у краіне адсутнічаюць свабода самавыяўленьня, у жыхароў парушаюцца рэлігійныя правы. На думку міжнародных назіральнікаў, ні адны з выбараў у Таджыкістане не былі дэмакратычнымі, празрыстымі і такімі, якія адпавядалі міжнародным стандартам.