Журналісцкая супольнасьць Беларусі патрабуе ад уладаў спыніць затрыманьні журналістаў і расьсьледаваць усе выпадкі парушэньня іхных правоў. З такой заявай выступілі 12 кастрычніка Беларуская асацыяцыя журналістаў, культурна-адукацыйная ўстанова «Журналісцкая майстэрня Прэс-клюб» і асацыяцыя выдаўцоў рэгіянальнай прэсы «Абʼяднаныя масмэдыя».
У дакумэнце сьцьвярджаецца, што падчас выбараў і пасьля іх улады Беларусі рэзка ўзмацнілі націск на СМІ, журналістаў і блогераў. Ад пачатку году і да прызначэньня выбараў 8 траўня Беларуская асацыяцыя журналістаў зафіксавала 23 парушэньні правоў журналістаў, а з 9 траўня да 12 кастрычніка — больш за 400. Пасьля абвяшчэньня выбараў журналістаў затрымлівалі больш за 230 разоў, зь іх больш за 50 з ужываньнем фізычнага гвалту.
Фіксаваліся факты катаваньняў пасьля затрыманьня, пашкоджаньне або канфіскацыя тэхнікі, многіх журналістаў трымалі пад вартай, каралі адміністрацыйным арыштам або штрафам. Тры журналісткі параненыя гумавымі кулямі. Ніводная крымінальная справа паводле гэтых фактаў не заведзеная.
Прадстаўнікі журналісцкай супольнасьці патрабуюць:
- Расьсьледаваць усе выпадкі парушэньня правоў журналістаў, уключаючы катаваньні, гвалт, адвольныя затрыманьні, пашкоджаньне і канфіскацыю тэхнікі, а вінаватых у гэтых парушэньнях прыцягнуць да адказнасьці;
- Адмовіцца ад практыкі адвольных затрыманьняў журналістаў падчас выкананьня імі прафэсійных абавязкаў;
- Вызваліць блогераў, прызнаных палітвязьнямі;
- Вярнуць інфармацыйнаму парталу Tut.by статус СМІ;
- Cпыніць крымінальны перасьлед галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» Ягора Марціновіча;
- Cпыніць практыку адмовы ў друку і распаўсюджваньня празь дзяржаўныя сеткі друкаваным СМІ;
- Cпыніць практыку блякаваньня інтэрнэту;
- Адмовіцца ад пазасудовага і пазапраўнага блякаваньня навіновых сайтаў і аднавіць доступ да ўжо заблякаваных парталаў;
- Спыніць перашкоды працы журналістаў замежных СМІ, а таксама журналістаў-фрылансэраў.