У Нігерыі — найбуйнейшай паводле колькасьці насельніцтва краіне Афрыкі — улады ў нядзелю абвясьцілі аб расфармаваньні спэцыяльнага паліцэйскага падразьдзяленьня SARS пасьля масавай кампаніі, каб прыцягнуць яго байцоў да адказнасьці за парушэньні правоў чалавека.
SARS (Спэцыяльны атрад па барацьбе з рабаваньнем) у апошнія гады рэзка крытыкавалі праваабаронцы і грамадзкія арганізацыі — у самой Нігерыі і за мяжой. Яго байцоў абвінавачвалі ў катаваньнях і пазасудовых расправах над людзьмі. Amnesty International прыводзіць дадзеныя аб 82 падобных выпадках за апошнія 3 гады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлашумавыя гранаты, сьлезацечны газ, разьбітыя галовы ў Менску. ВІДЭАУ апошнія гады ў Нігерыі праходзіла кампанія пад лёзунгам EndSARS («Пакласьці канец SARS»), аднайменны хэштэг у Твітэры стаў адным з самых папулярных. Кампанію падтрымалі вядомыя блогеры, дзеячы шоў-бізнэсу, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці. У апошнія дні пачаліся вулічныя пратэсты ў буйных гарадах Нігерыі — пасьля таго, як у інтэрнэце было апублікавана відэа забойства, як мяркуецца, учыненага паліцыянтам.
Улады прызналі факты парушэньняў правоў чалавека і паабяцалі правесьці іх незалежнае расьсьледаваньне. Не замяшаныя ў парушэньнях байцы распушчанага атраду будуць пераведзеныя ў іншыя падразьдзяленьні паліцыі.