У Берасьці 11 кастрычніка на акцыі пратэсту «Марш гонару» затрымалі ня менш за 25 чалавек, паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісьляк.
Паводле Кісьляка, з 14.00 у розных частках горада групы людзей з бел-чырвона-белымі сьцягамі выстройваліся ў ланцугі салідарнасьці. Каля 16.30 у цэнтры Берасьця на пешаходнай вуліцы Савецкай сабралася больш за 150 чалавек. Калёнай яны прайшлі да набярэжнай Францішка Скарыны, скандуючы: «Верым, можам, пераможам!», «Жыве Беларусь!», «Лукашэнку ў аўтазак».
Сілавікі затрымлівалі ўдзельнікаў акцыі па ходзе руху калёны: каля кінатэатру «Беларусь», на скрыжаваньні Савецкай з праспэктам Машэрава, на набярэжнай. Пасьля 18.00 людзі разышліся.
Да пачатку акцыі сілавікі затрымалі журналістаў Мілану Харытонаву і Алеся Леўчука.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзясяткі тысяч менчукоў выйшлі на «Марш гонару» насуперак брутальным затрыманьням. Што адбываецца ў Беларусі 11 кастрычніка ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дыялёг з вадамётам: што засьведчылі «Маршы гонару»