На сустрэчы ў «Амэрыканцы», акрамя Лукашэнкі, прысутнічалі яшчэ 12 чалавек. Апазнаць удалося 11 зь іх.
Навіна пра сустрэчу Аляксандра Лукашэнкі з групай палітзьняволеных у СІЗА КДБ зьявілася ў другой палове дня 10 кастрычніка. Спачатку пра яе паведаміў тэлеграм-канал «Пул Первого», а пазьней кадры з сустрэчы паказалі дзяржаўныя тэлеканалы. Той жа «Пул Первого» таксама апублікаваў кароткае відэа і паведаміў, што сустрэча працягвалася больш за 4 гадзіны. Яе поўны зьмест застаецца невядомым. Дзяржаўныя СМІ толькі намякаюць, што размова датычылася будучых зьменаў у Канстытуцыю.
Па апублікаваных фота і відэа можна апазнаць 11 з 12 удзельнікаў сустрэчы. Там былі
- былы прэтэндэнт на прэзыдэнцтва Віктар Бабарыка,
- ягоны сын Эдуард Бабрыка,
- дырэктар менскага офісу кампаніі PandaDoc Дзьмітры Рабцэвіч,
- сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады юрыстка Лілія Уласава,
- былы топ-мэнэджар «Белгазпрамбанку» Сяргей Дабралёт,
- уладальнік галерэі «Ў» Аляксандар Васілевіч,
- Кірыла Бадзей, які ўзначаліў «Белгазпрамбанк» пасьля сыходу Бабарыкі,
- паліттэхноляг Віталь Шкляраў,
- сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады адвакат Максім Знак,
- адвакат Ільля Салей,
- бізнэсовец і сябра ініцыятыўнай групы Бабарыкі Юры Васкрасенскі.
Акрамя іх, за авальным сталом на размове з Лукашэнкам прысутнічаў невядомы ў кепцы і з гадзіньнікам на руцэ.
«Дыялёг трэба весьці не ў СІЗА КДБ»
Сустрэча Лукашэнкі з палітзьняволенымі стала нечаканасьцю як для экспэртаў, так і для родных арыштаваных. Пра гэта ў размове са Свабодай расказала жонка Юрыя Васкрасенскага Алеся.
«Я думаю, нават палітолягі, палітычныя аглядальнікі ацэньваюць гэту сустрэчу па-рознаму, — кажа яна. — Яны ацэньваюць з пункту гледжаньня дасягненьня мэты, этычнасьці і гэтай далей. Ідэя дыялёгу прагучала, але ўсе ж разумеюць, што дыялёг неабходна весьці зь людзьмі на роўных умовах, калі яны знаходзяцца не за кратамі, не ў СІЗА, а на волі».
Юрыя Васкрасенскага трымаюць у СІЗА КДБ з 12 жніўня. Ён ужо станавіўся героем публікацый дзяржаўных СМІ. Толькі цягам апошняга тыдня было 10-хвіліннае інтэрвію Васкрасенскага праграме «Контуры», а 8 кастрычніка ён быў героем гадзіннай праграмы кіраўніка АНТ Марата Маркава.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бізнэсоўцу, які ў эфіры БТ заклікаў «не пратэставаць, каб захаваць Беларусь», пагражае да 8 гадоў турмы«Шчыра кажучы, гэтыя два сюжэты з удзелам майго мужа выклікалі ў мяне неразуменьне, — прызнаецца Алеся Васкрасенская. — Навошта ўвесь гэты тэатар, калі чалавек не зьяўляецца небясьпекай, ён цалкам адкрыты?
Я перажываю за яго здароўе, бо ў Юрыя ёсьць дыягназы, пацьверджаныя мэдычнымі заключэньнямі, якія патрабуюць пастаяннага мэдычнага кантролю: праблемы з сэрцам, ціскам, з хрыбетнікам. У першы тыдзень пасьля затрыманьня ён знаходзіўся наагул бязь лекаў. Пасьля першых двух сюжэтаў, якія паказалі ў жніўні, можаце ўявіць мой стан. Былі вельмі нядобрыя прадчуваньні. Браць інтэрвію ў чалавека, які ледзьве трымаецца на нагах... Ну неяк нядобра.
Я хадайнічала, каб мне дазволілі спатканьне з мужам, каб адчуць ягоны стан. На жаль, на ўсе свае звароты атрымала адмову. Я рада, што ўжо не відаць гематомы на твары, ён паголены, сядзіць роўна. Але ў лістах ён піша пра пагаршэньне здароўя, і адвакат гэта пацьвярджае. Я лічу, што трымаць хворага чалавека за кратамі недапушчальна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латушка: «Весьці дыялёг па Канстытуцыі ў турме КДБ — прызнаньне ўласнай слабасьці»«Толькі крыху схуднеў»
Бацька былога выканаўцы абавязкаў старшыні праўленьня «Белгазпрамбанку» Кірыла Бадзея Георгі кажа, што ўчорашняя сустрэча Лукашэнкі з палітвязьнямі ў СІЗА КДБ для яго была таксама нечаканай.
«Магу толькі сказаць, што рух пачаўся, але да чаго ён прывядзе, што гэта азначае — пакуль тайна, — гаворыць Георгі Бадзей. — Нічога не магу прагназаваць».
Георгі Бадзей у 1990-я гады займаў пасады міністра працы, міністра кіраваньня дзяржаўнай маёмасьцю, міністра эканомікі. Сына ён у суботу 10 кастрычніка пабачыў на відэа ўпершыню пасьля яго затрыманьня. Георгі Бадзей кажа, што на фота і відэа, якія паказалі, сын выглядае больш-менш нармальна.
«Толькі крыху схуднеў, а так нармальна, мяркуючы па „карцінцы“, — сказаў Георгі Бадзей. — Лісты ад сына сям’я атрымлівае. Піша, што трымаецца ён бадзёра, робіць зарадку, шмат чытае. Мы выпісваем для яго і прэсу, і кнігі. Гэта ўсё, што магу сказаць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская: калі ня вызваляць палітвязьняў — значыць, нас спрабуюць падмануцьНечаканасьць сустрэчы Лукашэнкі з палітзьняволенымі падкрэсьлівае і адвакат Юрыя Васкрасенскага Міхаіл Кірылюк.
«Зразумела, я ня ведаю дакладна, што яны абмяркоўвалі, — кажа Кірылюк. — Але я думаю, што галоўны пасыл сказаў нам тэлеграм-канал „Пул першага“: „Канстытуцыю на вуліцах не напішаш“.
Адзінае, што ня можа атрымаць былы прэзыдэнт самастойна і дзеля чаго ён мог пайсьці прасіць даць яму палітвязьняў — гэта сьцішыць вулічныя пратэсты. Але хітрык у тым, што нават калі Бабарыка, ці Знак, ці Калесьнікава, ці ўсе разам выйдуць да людзей на плошчу і скажуць: „Ідзіце дахаты, мы ўсё вырашылі“, адзінае, што яны пачуюць ў адказ: „Ідзіце дахаты самі“.
Гэта добрая навіна для ўсіх нас. І гэта тое, чаго не разумеюць Эйсмант, Лукашэнка, некаторыя старыя апазыцыянэры. Вуліца кіруецца ўжо не палітыкамі, а самімі грамадзянамі. Людзі ладзяць канцэрты, лекцыі і проста чаяваньні ў дварах не на загад мясцовага аддзелу БРСМ, а самі дзеля сабе. Гэта і ёсьць нараджэньне грамадзянскай супольнасьці, якой мы ўсе чакалі 26 гадоў. І яе ўжо немагчыма „нарадзіць назад“».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Максім Кац пра прыезд Лукашэнкі ў СІЗА: «Гэта прызнаньне, што сілавы рэсурс вычарпаў сябе» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзясяткі тысяч менчукоў выйшлі на «Марш гонару» насуперак брутальным затрыманьням. Што адбываецца ў Беларусі 11 кастрычніка