Экс-кандыдат у прэзідэнты Сьвятлана Ціханоўская перад тым, як яе вывезьлі зь Беларусі ў Літву, не зьвярталася да ўладаў па якую-небудзь дапамогу. Пра гэта ў вячэрнім эфіры тэлеканала «Дождь» 9 кастрычніка заявіла давераная асоба Ціханоўскай, сябра прэзідыума Каардынацыйнай рады па ўрэгуляваньні палітычнага крызісу ў Беларусі Вольга Кавалькова, піша БелаПАН.
«Калі раней Аляксандра Лукашэнку было слухаць сьмешна, то цяпер, акрамя засмучэньня, нічога яго словы не выклікаюць, паколькі ён працягвае расказваць казкі замест таго, каб заняцца асноўнай рэччу — законнасьцю ў Беларусі», — заявіла Кавалькова.
«Я была сьведкай падзей, якія адбываліся 9 і 10 жніўня ў Мінску. І мы разам са Сьвятланай Ціханоўскай падавалі скаргу ў Цэнтральную выбарчую камісію, адкуль Сьвятлана да мяне і калег не выйшла, і беларускія ўлады ў гэты вечар вывезьлі яе зь Беларусі пад націскам. І ніякіх іншых падзей не адбывалася», — дадала яна.
На пытаньне, ці зьвярталася Ціханоўская ці хто-небудзь зь яе паплечнікаў па дапамогу да міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева, Кавалькова адказала: «Я была зь ёй 9 [жніўня] ўвесь дзень, вядома ж, не. Казка, якую працягвае расказваць Аляксандр Лукашэнка замест таго, каб працаваць і займацца канкрэтнымі рэчамі».
Паводле яе слоў, экс-кандыдат у прэзідэнты таксама не прасіла ўлады аб якой-небудзь матэрыяльнай дапамозе.
Кавалькова лічыць, што Лукашэнка сказаў гэта, каб «даказаць чыноўнікам, што ён усё ж такі мае нейкую ўладу». «Гэта абсалютная хлусьня, у якую ён сам, мне здаецца, ня верыць», — падкрэсьліла яна.
На думку палітыка, беларускае грамадства цяпер мае права чакаць рэакцыі Сьледчага камітэта на словы Лукашэнкі пра тое, што нібыта рыхтаваўся падпал будынка, у якім знаходзіўся штаб Ціханоўскай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латушка пракамэнтаваў заяву Лукашэнкі пра тое, што Ціханоўская «плакала на шыі»
9 кастрычніка на нарадзе з кіраўнікамі сілавых структур, міністэрстваў, абласьцей і іншымі чыноўнікамі Лукашэнка заявіў, што ўдзельнікам акцый пратэсту патрэбная была сакральная ахвяра і ёй магла стаць Ціханоўская.
«Я апавядаў, калі выклікаў яго [старшыню КДБ Валерыя Вакульчыка] практычна позна ўвечары [9 жніўня] і кажу: «Неадкладна здымай з вуліц самае баявое падразьдзяленьне і вазьмі пад кантроль штаб так званай апазіцыі. У адваротным выпадку будзе бяда. І была задача пераапрануць нашых хлопцаў з [антытэрарыстычнага падразьдзяленьня КДБ] „Альфы“ і ў той жа час, засьвяціўшыся там, акуратна паказаць, што мы ўзялі пад кантроль гэты штаб. Гэта ж 50 чалавек — замежных журналістаў усіх — туды зьвезьлі разам зь гэтай Ціханоўскай і іншымі».
Паводле слоў Лукашэнкі, у ахове Ціханоўскай быў былы супрацоўнік «ці то міліцыі, ці то яшчэ нейкі». «Проста ён заўважыў, што нешта ня тое адбываецца. Навошта сабралі ў адным доме столькі людзей? Яго гэта насьцярожыла. Як у народзе кажуць, чуйка спрацавала. І ён патэлефанаваў [міністру ўнутраных спраў Юрыю] Караеву. І тады я зьняў 120 чалавек з гэтых вуліц, якія там працавалі па адмарозках па гэтых, для таго, каб ня даць зрабіць гэта злачынства. Задума была тыпу Адэсы: падпаліць штаб і абвінаваціць уладу».
На наступны дзень, паводле слоў Лукашэнкі, Ціханоўская патэлефанавала Караеву і папрасілася на прыём. «Ён мне даклаў. Я адправіў туды двух чалавек: яго першага намесьніка і кіраўніка ААЦ. У цэлым просьба была адна: „Калі ласка, перадайце прэзідэнту, я хачу зьехаць зь Беларусі, будзе бяда“. Мы разумелі, што можа быць бяда. І я аддаў распараджэньне: мы пад аховай, па яе жаданьні, зь людзьмі, якія яна папрасіла, каб яе суправаджалі, вывезьлі ў Літву да дзяцей. І калі яна сказала, што ў яе няма грошай для таго, каб там пражыць, я распарадзіўся, і зь дзяржпрадпрыемства ўзялі 15 тысяч даляраў і ёй аддалі. Вялікі дзякуй вам, на шыю, плакала. Вывезьлі».
Лукашэнка заявіў, што аддаў распараджэньне беларускаму пасольству ў Літве, каб «дапамаглі ёй ва ўсім, у тым ліку, калі трэба, новую кватэру там зьняць, гэтак далей і да таго падобнае».
«Але яе хутка ўзялі пад кантроль спэцслужбы Літвы. Усё астатняе вы ведаеце. Вось, каб вы ведалі, што адбылося ў той час, — сказаў ён. — Гэтай сакральнай ахвяры ня здарылася, а ўявіце, калі б гэта адбылося. Таму яе ніхто не выпіхваў за мяжу. Пытаньне стаяла жыцьця і сьмерці, і гэта было яе жаданьне».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка сказаў, як Беларусь зможа выжыць, загадаў пакінуць «ядро» СМІ і адрэагаваў на пратэсты студэнтаў