У Кангрэсе ЗША асудзілі рашэньне Беларусі і РФ абвясьціць вышук Ціханоўскай

Будынак Кангрэсу ЗША

Старшыня камітэту замежных справаў Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША Эліёт Энгель і рэспубліканец, сябра гэтага камітэту Майкл Маккол асудзілі рашэньне Расеі ўключыць Сьвятлану Ціханоўскую у сьпіс асобаў, якiх вышукваюць па крымінальным абвінавачаньні.​

«Мы рашуча асуджаем рашэньне рэжыму Пуціна далучыцца да Беларусі, абвясьціўшы міждзяржаўны вышук лідэра беларускай апазыцыі Сьвятланы Ціханоўскай. Гэты апошні крок Лукашэнкі і яго прыхільнікаў з Крамля для ўмацаваньня яго незаконнага кіраваньня паказвае, наколькі глыбока аўтарытарыі, такія як Лукашэнка і Пуцін, асьцерагаюцца ўлады дэмакратыі», — гаворыцца ў заяве Энгеля і Маккола.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўскую ўнесьлі ў агульную базу вышуку саюзнай дзяржавы — Інтэрфакс

«Злучаныя Штаты разам з нашымі эўрапейскімі хаўрусьнікамі і Канадай будуць і надалей падтрымліваць імкненьне беларускага народу будаваць уласную будучыню і патрабаваць ад Расеі поўнай павагі сувэрэнітэту Беларусі», — падкрэсьліваюць кангрэсоўцы.

7 кастрычніка стала вядома, што абвешчаны вышук Сьвятланы Ціханоўскай на тэрыторыі Расеі — яе зьвесткі ўнесьлі ў базу МУС РФ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МУС Беларусі пацьвердзіла, што Ціханоўскую абвясьцілі ў міждзяржаўны вышук