Што сымбалізуюць санкцыі? Якая імавернасьць іх пашырэньня? Што павінна адбыцца, каб ЭЗ увёў эканамічныя санкцыі? Хто і пра што можа весьці перамовы з Лукашэнкам?
На гэтыя тэмы ў Праскім акцэнце спрачаюцца палітычны аналітік Арцём Шрайбман і рэжысэр, грамадзкі дзяяч Мікалай Халезін.
Халезін:
- Трэба прайсьці пэўныя этапы санкцыйнага ціску. На аб’ект накідваецца вяроўка і паступова зацягваецца.
- Гэтым разам мы пачалі заклікаць да санкцыяў за 2 месяцы да дня выбараў.
- Рэжым непрызнаны, ён ня можа функцыянаваць гэтак жа, як функцыянаваў апошнія 10 гадоў.
- Пашырэньне санкцыйнага сьпісу пойдзе ўжо лягчэй.
- Пры дапамозе санкцыяў былі вызваленыя палітвязьні.
- Ніхто ня возьмецца сёньня ўвесьці сэктаральныя санкцыі адразу.
- Зараз пытаньне ня толькі пра вызваленьне палітвязьняў, а пра транзыт улады.
- Ува ўсіх варыянтах транзыту ўлады ў Беларусі, якія абмяркоўваюць на Захадзе, прысутнічае Расея. І яна ў іх заўсёды будзе, на жаль.
- Ёсьць 5 сцэнароў сыходу Лукашэнкі.
- Каардынацыйная рада не разглядаецца як патэнцыйны ўдзельнік перамоваў. Перамоваў паміж КР і Лукашэнкам ня будзе.
- Лукашэнка будзе размаўляць толькі з палітыкам маштабу Мэркель.
Шрайбман:
- У параўнаньні з 2011 годам, калі ўзровень рэпрэсіяў быў сьмеху вартым у параўнаньні зь цяперашнімі, ахоп санкцыямі ў некалькі разоў меншы, чым тады.
- Зараз ЭЗ дэманструе, што гэтыя санкцыі — сымбалічныя, яны ніяк не ўплываюць на рэжым у Беларусі.
- Гвалт на Акрэсьціна і маштаб паліцэйскага гвалту на вуліцах зрабілі санкцыі непазьбежнымі.
- Рэакцыя ЭЗ гэтым разам не выглядае як спроба прымусіць Менск да нечага.
- Санкцыі могуць мець эфэкт гадоў праз 5, калі Менск на хвалі чарговай нармалізацыі будзе хацець скасаваць санкцыі і вызваліць палітвязьняў.
- Эканамічныя санкцыі магчымыя, калі сытуацыя будзе пагаршацца. Для эканамічных санкцыяў спатрэбіцца забіваць людзей на вуліцах.
- У 2011 годзе выбараў не прызнавалі, але Лукашэнку прызнавалі прэзыдэнтам, аднак пры гэтым уключалі яго ў сьпіс неўязных.
- У ЭЗ зьявілася заканадаўства, якое забараняе ўводзіць санкцыі, якія пагаршаюць дабрабыт звычайных грамадзянаў.
- Санкцыі не дасягалі ніякіх іншых мэтаў, акрамя вызваленьня палітвязьняў.
- Пуціну не істотная думка Макрона і Мэркель, як вырашаць беларускі крызіс.