Расейскія чыгункі гатовыя забясьпечыць транспартаваньне ўсіх нафтапрадуктаў, якія Беларусь плянуе пераарыентаваць на расейскія парты, а пытаньне перавозкі калійных угнаеньняў «трэба будзе сур’ёзна прапрацаваць», паведаміў журналістам 9 кастрычніка ў Маскве намесьнік гендырэктара кампаніі Аляксей Шыла.
«Праблем з боку Расейскіх чыгунак няма. Мы далі зніжку 50%, яна дзейнічае да канца 2025 году — і на завоз саміх нафтапрадуктаў у парты РФ, і на вяртаньне паражняку. Мы на ўсіх нарадах, якія праходзяць, гаворым пра тое, што абʼём грузаў, які Расейскім чыгункам прапануюць, мы гатовыя будзем перавезьці. Напрамкі, якія разглядаюцца сёньня для перавозкі нафтапрадуктаў, ня самыя загружаныя. Ёмістасьць партоў РФ дазваляе забраць увесь абʼём нафтапрадуктаў, які вырабляе Рэспубліка Беларусь, таму калі будуць рашэньні дадатковыя прынятыя, то Расейскія чыгункі будуць гатовыя гэта забясьпечыць па добрай цане і з добрай якасьцю», — цытуе Шылу ТАСС.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея падвысіла патэнцыйны аб’ём экспарту нафтапрадуктаў зь Беларусі да 4–6 млн тонПаводле яго, Расейскія чыгункі разьлічваюць, што змогуць атрымаць такім чынам прыблізна 6 млн тон дадатковых грузаў.
Пры гэтым ён адзначыў, што ёсьць дзьве таварныя групы з Беларусі, за якія Расейскія чыгункі «маглі б пазмагацца». «Гэта нафтапрадукты, дзе мы прынялі ўсе рашэньні, якія магчымыя, і ёсьць вялікая група — калійныя ўгнаеньні», — цытуе Шылу РИА Новости.
«Тут адзіны момант, які трэба будзе сурʼёзна прапрацаваць, каб мы сваімі зьніжкамі не паставілі ў няроўныя ўмовы вытворцаў калійных угнаеньняў у нас у краіне. Можа атрымацца так, што, ствараючы ўмовы для беларусаў, мы сваімі рукамі зробім так, што нашы калійныя ўгнаеньні стануць прайграваць канкурэнтную гонку праз тарыфныя рашэньні. Таму пакуль гэта дэталёва не разглядалася. У нас не было прапаноў пра гэта», — падсумаваў Шыла.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дэжавю ў кубе». Чаму транзыт праз расейскія парты нявыгадны БеларусіРаней міністар энэргетыкі РФ Аляксандр Новак паведаміў, што найбліжэйшым часам чакаецца дасягненьне дамоўленасьцяў з Беларусьсю аб перанакіраваньні паставак нафтапрадуктаў з партоў Літвы ў Расею. Патэнцыйны абʼём паставак беларускіх нафтапрадуктаў пры гэтым павышаны да 4-6 млн тон з 3-4 млн.
«Так, гэтае пытаньне таксама абмяркоўвалася сёньня ў межах перамоў. Расейскі бок зацікаўлены ў тым, каб нафтапрадукты, якія сёньня рэалізуюцца праз трэція краіны, — у нас ёсьць магчымасьці забясьпечыць рэалізацыю гэтых нафтапрадуктаў праз Санкт-Пецярбург, праз Усць-Лугу, гэта значыць праз расійскія парты», — сказаў Новак, адказваючы на пытаньне аб тым, ці абмяркоўвалася на сустрэчы прэмʼер-міністраў Расеі і Беларусі ў Менску 3 верасьня пытаньне «перакіданьня» энэргапатокаў зь Літвы ва Усць-Лугу.
«Для гэтага неабходна таксама прапрацаваць, адпаведна, эканамічныя ўмовы паміж транспартнымі кампаніямі, партовымі, „Белнафтахімам“. Уласна, гэтым мы таксама зоймемся ў адпаведнасьці з даручэньнем старшыні ўрада», — заявіў міністар.
Пра тое, што Беларусь будзе прымаць эканамічныя рашэньні ў адказ на санкцыі з боку краін Балтыі, паведаміў 1 верасьня журналістам Аляксандр Лукашэнка падчас наведваньня Баранавічаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка абяцаў краінам Балтыі эканамічныя захады ў адказ на санкцыі і прыгразіў закрыць мяжу з Польшчай