Прэзыдэнт Кіргізстану Сааранбай Джээнбекаў не зьбіраецца ў добраахвотную адстаўку. Ягоная прэс-сакратар заявіла, што, «пытаньне добраахвотнай адстаўкі прэзыдэнта не абмяркоўваецца, такое пытаньне не стаіць».
Яна таксама сьцьвярджае, што на подпіс прэзыдэнта не паступала заява прэм’ер-міністра Кубатбека Баронава аб сыходзе з пасады, піша Інтэрфакс.
З 5 кастрычніка ў Бішкеку праходзяць акцыі супраць абвешчанай перамогі на парлямэнцкіх выбарах прапрэзыдэнцкіх сілаў. Цэнтравыбаркам афіцыйна адмяніў вынікі галасаваньня, пасьля таго як дэманстранты занялі парлямэнт і шэраг урадавых будынкаў. Пратэстоўцы таксама вызвалілі з-за кратаў былога прэзыдэнта Алмазбека Атамбаева і яго прыхільнікаў. Сябры некалькіх апазыцыйных партый заявілі, што плянуюць зрынуць прэзыдэнта Джээнбекава і стварыць новы кабінэт міністраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хопіць трымацца сьсінелымі рукамі за ўладу». Ці ёсьць чаму павучыцца беларусам у кіргізаў? — адказвае Павел ЛатушкаПрэс-служба кіргіскага парлямэнту праінфармавала 8 кастрычніка, што Сааранбай Джээнбекаў, які з пачатку масавых пратэстаў не зьяўляўся на публіцы, правёў першы раўнд перамоваў з шэрагам заканадаўцаў па аднаўленьні парадку ў краіне. Па гэтых дадзеных, прэзыдэнт нават абмеркаваў магчымасьці свайго імпічмэнту зь Міктыбекам Абдзілдаевым, якога група дэпутатаў намінавала новым сьпікерам парлямэнту. Адначасова на поўдні краіны ў чацьвер сотні жыхароў выйшлі на акцыі ў падтрымку Джээнбекава.
Дэпутат Рыскелдзі Мамбекаў паведаміў кіргіскай службе Радыё Свабода, што каля 40 заканадаўцаў, якія сабраліся ў ноч на чацьвер у адным з гатэляў Бішкеку, не змаглі дамовіцца аб канкрэтных рашэньнях праз адсутнасьць кворуму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіргізстане працягваецца палітычны крызісНа пасаду кіраўніка ўраду цяпер, мяркуючы па паведамленьнях, прэтэндуюць ня менш як чатыры кандыдаты. Адзін — Садыр Джапараў, якога шмат хто ў краіне зьвязвае з Джээнбекавым; другі — малады бізнэсовец Тылек Тактагазіеў. Шэраг заканадаўцаў сказалі Свабодзе, што Кубатбек Баронаў таксама можа прэтэндаваць на тое, каб захаваць за сабой пасаду прэмʼера. Чацьвёрты магчымы кандыдат — гэта Аскар Сідзікаў, якога вылучае Асацыяцыя прадпрымальнікаў краіны.
- Падчас беспарадкаў у Кіргізстане пацярпелі больш за тысячу чалавек, адзін загінуў.