Дыпляматы ЭЗ падрыхтавалі праект высноваў адносна сытуацыі ў Беларусі, які мае быць зацьверджаны на пасяджэньні Рады Эўразьвязу 12 кастрычніка.
Пра гэта паведаміў брусэльскі карэспандэнт Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк, спасылаючыся на дыпляматычныя крыніцы ЭЗ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЭЗ адклікаў частку паслоў зь Менску, — міністар замежных справаў ПольшчыУ прыватнасьці, праект дакумэнту заклікае беларускія ўлады:
- шукаць мірнага і дэмакратычнага вырашэньня крызісу шляхам «інклюзіўнага нацыянальнага дыялёгу», уключна з Каардынацыйнай радай;
- неадкладна і безумоўна вызваліць усіх адвольна затрыманых асобаў, у тым ліку палітвязьняў і работнікаў СМІ;
- расьсьледаваць усе парушэньні правоў чалавека і спыніць перасьлед асобаў, якія ўдзельнічаюць у дэмакратычным руху і незалежных СМІ, і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці.
Рада ЭЗ перасьцерагае, што калі Менск не прыслухаецца да заклікаў Брусэлю, Эўразьвяз:
- перагледзіць сьпіс беларускіх чыноўнікаў пад санкцыямі ў бок яго пашырэньня;
- прыме далейшыя абмежавальныя меры, у тым ліку супраць суб’ектаў гаспадараньня і высокапастаўленых чыноўнікаў, уключна з А. Лукашэнкам;
- абмяжуе кантакты зь беларускімі ўладамі на цэнтральным узроўні (адначасова павялічваючы падтрымку ЭЗ беларускаму народу і грамадзянскай супольнасьці).
Рада ЭЗ дэкляруе гатоўнасьць «істотна актывізаваць» сваю палітычную актыўнасьць, супрацоўніцтва і фінансавую дапамогу Беларусі пры ўмове «мірнага дэмакратычнага пераходу» ў Беларусі шляхам свабодных і сумленных выбараў. У такім выпадку Брусэль:
- пачне перамовы аб рамачным пагадненьні паміж ЭЗ і Беларусьсю;
- запусьціць комплексны плян эканамічнай падтрымкі дэмакратычнай Беларусі, уключна зь фінансавай і тэхнічнай дапамогай для інстытуцыйных рэформаў і эканамічнага разьвіцьця ў шматгадовых фінансавых рамках;
- значна павялічыць апэрацыі Эўрапейскага інвэстыцыйнага банку і Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця ў Беларусі;
- падтрымае далучэньне Беларусі да Сусьветнай гандлёвай арганізацыі.