Адна з найлепшых тэнісістак сьвету далучылася да ліста супраць гвалту і за адстаўку Лукашэнкі 

Ілюстрацыйнае фота.

Адна з найлепшых тэнісістак сьвету канца 1980-х і пачатку 1990-х Натальля Зьверава падпісалася пад адкрытым лістом беларускіх спартоўцаў да ўладаў.

Сярод асноўных патрабаваньняў — адстаўка Аляксандра Лукашэнкі і асуджэньне злачынстваў сілавікоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лішняя» Раманоўская: чэмпіёнку сьвету за грамадзянскую пазыцыю перавялі ў аматары

Таксама Натальля Зьверава мае выставіць некалькі сваіх трафэяў для аўкцыёну ў падтрымку фонду спартыўнай салідарнасьці, які дапамагае рэпрэсаваным атлетам.

У калектыўным сьпісе Натальля Зьверава значыцца пад № 692. Упершыню ліст быў абнародаваны, калі ў ім было 100 супрацоўнікаў спартовай галіны, нагадвае партал «Трыбуна».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Памянялі погляды нават тыя, хто горла драў за Лукашэнку», — на спартоўцаў ціснуць, а яны не здаюцца

Натальля Зьверава — савецкая і беларуская тэнісістка. Заслужаны майстар спорту СССР. Уладальніца 20 тытулаў на турнірах Вялікага шлему. Удзельніца чатырох Алімпіядаў, бронзавая прызэрка гульняў-1992 у парным разрадзе з Лэйлай Месхі.

У 2010 годзе ўключаная ў Міжнародную залю тэніснай славы.

Беларуска займала першы радок у жаночым парным рэйтынгу ў суме 124 тыдні, калі ёй было 20 гадоў. 36 разоў гуляла ў фіналах турніраў Вялікага шлема ў адзіночным, парным і мяшаным разрадах. Гэта найвышэйшы паказьнік сярод тэнісістаў з былога СССР.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ніколі ня думала, што давядзецца выбіраць: або спартовец, або грамадзянка», — капітан зборнай Беларусі ў баскетболе

У 1992–1993 гадах выйграла шэсьць запар турніраў Вялікага шлема ў пары з пуэртарыканкай Джыджы Фэрнандэс. Пачынаючы з «Ралян Гарос»-1992 і да Ўімблдону-1994 з той жа Джыджы выйграла 9 з 10 турніраў Вялікага шлема.

Восем поўных сэзонаў да Australian Open-1999 беларуска выйграла 17 фіналаў з 27 на турнірах Вялікага шлему ў жаночым парным разрадзе.